А Коўл усё не едзе: што адбываецца ў цішыні перамоў ЗША і Беларусі — эфір
Віталь Цыганкоў
Адносіны паміж Мінскам і Вашынгтонам апошнім часам нагадваюць пульсацыю звышновай зоркі. Нечаканая актывізацыя перамоўнага трэка, візіты амерыканскіх палітыкаў у Мінск, вызваленне палітвязняў, званок Трампа Лукашэнку, дарагі падарунак з Белага дома ў выглядзе танных запінак… цішыня і адсутнасць інфармацыі на некалькі месяцаў. Раптам заява Лукашэнкі пра гатоўнасць да "вялікай здзелкі" з ЗША і — зноў цішыня і, здаецца, паўза ў адносінах. Нечаканае прызначэнне Трампам спецпрадстаўніком у Беларусі Джона Коўла і зноў маўчанне. Такое адчуванне, што бакі альбо прыглядаюцца такім чынам адзін да другога, альбо нешта рыхтуюць у дыпламатычнай цішы.
Чаму "беларуская тэма" не адпускае Трампа і чым яна для прэзідэнта ЗША насамрэч цікавая? Ці сапраўды існуе рэальная пагроза анексіі Расіяй пакуль яшчэ суверэннай Беларусі і як ЗША могуць гэтаму перашкодзіць? Ці варта разлічваць на пачатак адлігі ў выніку такіх перамоў паміж Мінскам і ЗША і як гэтай сітуацыяй могуць скарыстацца дэмсілы? На гэтыя ды іншыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказвае адказвае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у 16:00.