Настаўнікам шлюць фэйкавыя лісты з патрабаваннем водгука на фільм "Класная"

Кадр з карціны "Класная" / РУП "Беларусьфільм"
У школы дасылаюць падробленыя электронныя лісты, нібыта адпраўленыя "ідэалагічным аддзелам Міністэрства адукацыі". У іх знаходзіцца патрабаванне тэрмінова падрыхтаваць водгук на ідэалагічны фільм пра беларускіх настаўнікаў "Класная", прэм'ера якога адбылася 18 верасня. Пра гэта паведамляе праўладны тэлеграм-канал "Народны антыфэйк".
Для "аператыўнасці" аўтарам ліста прапануюць карыстацца шаблонам з даданага файла і просяць накіраваць водгук на адрас адпраўніка да канца працоўнага дня.
"Народны антыфэйк" піша, што Мінадукацыі не мае да гэтых лістоў ніякага дачынення. Педагогаў просяць ігнараваць падобныя паведамленні і папярэдзіць калег аб рассыланні.

Пры гэта самі чыноўнікі ўжо рапартуюць, што праект "Беларусьфільма", зняты рэжысёрам Кірылам Халецкім, нібыта б'е ўсе рэкорды пракату.
У "Кінавідэапракаце" распавялі тэлеканалу СТВ, што па выніках двух тыдняў паказаў "Класную" паглядзела ўжо больш за 32 тысячы гледачоў, што ў грашовым эквіваленце больш за 200 тысяч беларускіх рублёў.
Верыць на слова "Кінавідэапракату" не варта, паколькі для паказу фільмаў "Беларусьфільма" актыўна задзейнічаюць адміністрацыйны рэсурс — прымушаюць прыходзіць на паказы школьнікаў, настаўнікаў, салдат тэрміновай службы, работнікаў дзяржпрадпрыемстваў. Такія сеансы наўрад ці можна назваць добраахвотнымі.
Аўтары "Класнай" актыўна прапагандуюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі і ўмовы працы для настаўнікаў на вёсцы. Мы падрабязна разбіралі гэты фільм, пачытаць рэцэнзію можна тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.