Больш за 6000 настаўнікаў у Беларусі засталіся без працы праз рэпрэсіі

Школа, ілюстрацыйнае фота / nashkraj.by
У выніку рэпрэсій у Беларусі больш за шэсць тысяч настаўнікаў пазбавіліся працы. Больш за 50 чалавек прайшлі праз калоніі ды "хімію", "некаторыя і цяпер знаходзяцца за кратамі". Пра гэта дарадца Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч заявіў з нагоды Дня настаўніка, які будзе адзначацца ў Беларусі 5 кастрычніка.
Ён звярнуўся да педагогаў са словамі падтрымкі: "Я разумею, што сёння вельмі цяжка быць настаўнікам ці настаўніцай у Беларусі. Вас нагружаюць бясконцай справаздачнасцю, празмернай нагрузкай і кантролем з боку ўлады". Церашковіч падкрэсліў, што прафесія настаўніка адыгрывае "вызначальную ролю ў эканамічным поспеху, дабрабыце і бяспецы грамадства".
Ён адзначыў, што рэжым Лукашэнкі метадычна знішчае адукацыю на беларускай мове, пры гэтым актывізуючы праграмы вайсковай падрыхтоўкі, а таксама ствараючы "мілітарысцкія летнікі і вайскова-патрыятычныя класы".
Церашковіч падзякаваў тым настаўнікам, якія ў такіх умовах захавалі прафесійную годнасць. Ён паабяцаў, што "ў будучай вольнай Беларусі мы прыкладзем усе намаганні, каб адукацыя і навука стала асновай развіцця краіны, а настаўнікі — незалежнымі асобамі, прафесія якіх будзе сярод самых паважаных і прэстыжных у грамадстве".
Сёлета ў Беларусі былі прынятыя змены ў заканадаўства, што забараняюць займацца педагагічнай дзейнасцю асобам, якія "здзейснілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.