Беларускія ўніверсітэты не ўвайшлі ў рэйтынг the World University Rankings 2026

Студэнты, ілюстрацыйнае фота

Студэнты, ілюстрацыйнае фота / univerpl.com.ua

Беларускія ВНУ не ўвайшлі ў новы міжнародны рэйтынг the World University Rankings 2026, які штогод складае брытанскае выданне Times Higher Education. Раней у рэйтынг трапляў БДУ — у 2016 годзе ён увайшоў у групу 801-1000, у наступныя гады таксама не падымаўся вышэй за гэты дыяпазон. Аднак з 2022 года ўніверсітэт перастаў падаваць інфармацыю ў сістэму Times Higher Education Data Portal, таму яго часова выключылі з рэйтынгу.

Як і ў папярэднія гады, першыя месцы займаюць універсітэта ЗША і Вялікабрытаніі. Тройку лідараў складаюць Оксфард (Вялікабрытанія), Стэнфард (ЗША) і Гарвард (ЗША).

У першую дзясятку ўваходзяць таксама Кембрыджскі ўніверсітэт (Вялікабрытанія), Масачусетскі тэхналагічны інстытут (ЗША), Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут (ЗША), Прынстанскі ўніверсітэт (ЗША), Імперскі каледж Лондана (Вялікабрытанія), Цюрыхскі Федэральны тэхналагічны інстытут — ETH Zurich (Швейцарыя) і Чыкагскі ўніверсітэт (ЗША).

Найлепшыя паказчыкі суседніх з Беларуссю краін — у Польшчы. Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве і Варшаўскі ўніверсітэт увайшлі ў групу ВНУ з месцамі 401-500. Віленскі ўніверсітэт трапіў у групу 601-800, Латвійскі ўніверсітэт — у дыяпазон 1001-1200, а Кіеўскі політэхнічны інстытут імя Ігара Сікорскага — у групу 1201-1500.

Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт казаўся ў групе 251-300. Аднак у рэйтынгу да яго дададзена пазнака пра абмежаваны ўдзел праз няпоўную справаздачнасць і санкцыі.

Беларускія ВНУ можна знайсці ў іншым глабальным рэйтынгу – QS World University Rankings 2026. У ім БДУ займае 447-е месца, а БНТУ ўвайшоў у групу 851-900.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.