Польскія перавозчыкі патрабуюць ад урада ўрэгуляваць крызіс на мяжы з Беларуссю

Чарга з фураў / Reuters
Асацыяцыя міжнародных аўтаперавозчыкаў Польшчы (ZMPD) патрабуе ад урада краіны прыняць тэрміновыя меры па развязанні крызісу на мяжы з Беларуссю. Пра гэта гаворыцца ў звароце, апублікаваным 9 кастрычніка.
У звароце гаворыцца пра складаную фінансавую і гуманітарную сітуацыю, у якой апынуліся кіроўцы фураў пасля 13-дзённага закрыцця мяжы з Беларуссю. У "Казловічах" (з польскага боку — "Кукурыкі") фуры на выезд з Беларусі ў Польшчу стаяць па восем дзён.
"Кіроўцы жывуць у вельмі складаных умовах без доступу да санітарных умоваў, вады і гарачага харчавання. Многія з іх ужо некалькі дзён начуюць у кабінах аўтамабіляў з абмежаванымі запасамі харчавання і паліва пры нізкіх тэмпературах", — заяўляюць у ZMPD.
Арганізацыя заклікае польскі ўрад неадкладна дадаць новых супрацоўнікаў у пункт пропуску "Кукурыкі", а таксама распрацаваць "рашэнні для перанакіравання часткі грузаперавозак на іншыя пункты перасячэння мяжы".
У ZMPD звяртаюць увагу на тое, што сітуацыя пагражае і бяспецы людзей, і польскаму бізнесу на ўсходнім рынку: перавозчыкі могуць страціць заказы, якія перахопяць кампаніі з іншых краін.
Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта, уранні 10 кастрычніка у пунктах пропуску выезду з Беларусі чакалі агулам больш за 5500 фур. З іх 3470 стаяць на мяжы з Польшчай у "Казловічах".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.