У беларускай сталіцы будуць судзіць расіянку за “жарт” у аэрапорце

У беларускай сталіцы будуць судзіць расіянку за “жарт” у аэрапорце

Крымінальную справу расійскай ЛГБТ-актывісткі Марыі Рымар, якая няўдала пажартавала пра бомбу ў мінскім аэрапорце, разгледзяць у панядзелак, 10 кастрычніка ў Кастрычніцкім судзе сталіцы. Пачатак працэсу ў 10.30.

Следства па гэтай справе доўжыцца тры месяцы. Увесь гэты час расіянка не мае права пакідаць тэрыторыю Беларусі. Яна распавядае, што яе запыты і хадайніцтвы застаюцца без адказу:

“Увесь гэты час я знаходжуся далёка ад тых, хто мне дарагі, у чужой краіне. Я стомленая і знямоглая… Адкладваю скайп-сустрэчы з дзецьмі (хоць дзецям яны патрэбныя гэтаксама як і мне), бо баюся разрыдацца, гледзячы на іх, пакуль яны мне распавядаюць, як яны маюцца. Дзеля чаго гэтыя пакуты столькіх людзей, расцягнутыя на такі тэрмін?”

Апроч таго, Марыя Рымар скардзіцца на праблемы са здароўем, якія не можа вырашыць, пакуль вымушана знаходзіцца ў Беларусі. Паводле яе словаў, з 7 ліпеня ёй тройчы адмоўлена ў хадайніцтвах аб часовым выездзе дадому для сустрэчы з сям’ёй, а таксама для дыягностыкі анкалагічнага новаўтварэння, якое жанчына мае з 2012 года. Неабходнасць такой дыягностыкі вызначанае медзаключэннем Мінскага гарадскога клінічнага анкагалічнага дыспансера яшчэ 15 жніўня.

Расіянку Марыю Рымар затрымалі ў пачатку ліпеня ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" за "жартаўлівае" паведамленне пра траціл. На яе завялі адміністратыўную справу за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і крымінальную — за ілжывае паведамленне пра небяспеку. Адміністратыўны суд над Рымар адбыўся ў жніўні — жанчына была аштрафаваная на 525 беларускіх рублёў.