“Эма” не прынесла занадта моцных ападкаў

Цыклон “Эма” пакінуў Беларусь у ноч на нядзелю і не прынёс занадта моцных ападкаў. Па звестках сіноптыкаў, ён прыйшоў 16 студзеня і праз суткі пакінуў тэрыторыю нашай краіны.
Найменшая вышыня снежнага покрыва на сёння на метэастанцыі “Палеская” на ўсходзе Брэсцкай вобласці — 6 см. У Гродне вышыня снежнага покрыва засталася ранейшай — 9 см, у Гомелі — 17 см, у Брэсце — 13 см. У Магілёва вышыня снежнага покрыва павялічылася падчас цыклона “Эма” да 28 см, у Мінску — да 35 см.
Як патлумачылі БЕЛТА ў Гідрамеце, у бліжэйшыя дні Беларусь будзе знаходзіцца ў зоне павышанага атмасфернага ціску, таму ападкі ў выглядзе снегу будуць нязначнымі. Маразы будуць узмацняцца, на дарогах захаваецца галалёдзіца.
Уначы тэмпература паветра складзе 10-15 градусаў марозу, а пры праясненнях будзе да мінус 20. Удзень чакаецца 5-11 градусаў ніжэй за нуль.