Эканамічныя адносіны Беларусі і Украіны пасля вайны: тры сцэнары
Меркаванне эканамісткі
Аднаўленне эканамічных стасункаў паміж Украінай і Беларуссю будзе залежаць ад палітычных рашэнняў. Беларуская экспертка падзялілася трыма магчымымі сцэнарамі, як гэта можа адбыцца. Таксама яна прапанавала візію будучыні і магчымых накірункаў, якія змогуць дапамагчы нашым краінам аднавіцца.
Агучана гэта было падчас 4-га Форуму Астрожскіх на экспертнай панэлі пра сцэнары аднаўлення супрацоўніцтва Беларусі і Украіны [Форум працуе па правілах Chatham House. Расказваць пра дыскусіі і выказванні можна, але без указання крыніцы, — Еўрарадыё].
— Першы ссцэнар — Беларусь застаецца, як цяпер, пад уплывам Расіі і не прызнае цэласнасць Украіны. Тады ні пра якія стасункі гаворка не можа ісці.
Украіна будзе хутка развівацца праз розныя праграмы падтрымкі з боку Еўрасаюза і стане вялікім канкурэнтам для беларускай эканомікі, якая насамрэч тады страціць вялікую частку экспарту, — распавядае эканамістка.
— Другі сцэнар — проксі-дэмакратыя — калі адбудуцца нейкія выбары, будзе нейкі новы кандыдат. Будуць абвешчаныя нейкія рэформы, але насамрэч яны не будуць праходзіць так, як гэта было раней. Напрыклад, калі Лукашэнка спрабаваў зрабіць пацяпленне з Еўрасаюзам.
У гэтым выпадку паміж Беларуссю і Украінай могуць узнавіцца эканамічныя стасункі ў напрамках лагістыкі і аднаўлення Украіны пасля вайны ў напрамку будоўлі гарадоў.