Падзе Украіна — падзе і Беларусь. Меркаванне ўкраінскага аглядальніка

Ён заклікаў разам захаваць украінскую дзяржаўнасць

Ён заклікаў разам захаваць украінскую дзяржаўнасць / NATO

— Розніца паміж Расіяй і Беларуссю ў тым, што Беларусь — гэта акупаваная тэрыторыя, пазбаўленая дзяржаўнай суб’ектнасці, — лічыць украінскі ўдзельнік 4-га Форуму Астрожскіх, які выказаў такое меркаванне падчас экспертнай панэлі "Інфармацыйнае поле і камунікацыя" [Форум працуе па правілах Chatham House. Расказваць пра дыскусіі і выказванні можна, але без указання крыніцы, — Еўрарадыё].

— Бо мы разумеем: калі Расія захоча ажыццявіць нейкі напад на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі Беларусі — гэты напад адбудзецца. Калі расійскае кіраўніцтва ўсё ж захоча, каб беларуская армія прыняла ўдзел у гэтым нападзе — яно звернецца да беларускіх вайскоўцаў, якія выканаюць гэты загад. Магчыма, не ўсе.

І вы ў гэтым не вінаватыя, таму што вы такая ж акупаваная тэрыторыя, як Чачня, Татарстан або Бурація. Яны таксама не вінаватыя, што ідуць сюды. 

Яны — акупаваная тэрыторыя, — падкрэслівае эксперт.

Аднак беларускія дэмакратычныя сілы цяпер не выкарыстоўваюць гэты тэзіс шырока. На гэта звярнуў увагу спікер у сваім далейшым выступленні.

— Але паколькі вы хочаце, каб вашу дзяржаўнасць успрымалі на роўных з дзяржаўнасцю Украіны або Злучаных Штатаў, — то яна так і ўспрымаецца. І прэзідэнт Злучаных Штатаў звяртаецца да вашага прэзідэнта як да паважанага прэзідэнта Беларусі. А трэба было з самага пачатку казаць, што ў 2020 годзе, па сутнасці, адбылася акупацыя. І гэта тады ўспрымалася б інакш — у свеце, ва Украіне, у ЗША.

Мы б разумелі, што пра вызваленне беларускіх палітвязняў трэба гаварыць з прэзідэнтам Расіі, а не з прэзідэнтам Беларусі. 

І, магчыма, удалося б вызваліць значна больш людзей, як бы парадаксальна гэта ні гучала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.