Калі Ціханоўская сустрэнецца з Зяленскім? Як дэмсілы працуюць з Украінай?

Уладзімір Зяленскі / Офіс Уладзіміра Зяленскага
Беларускія дэмакратычныя сілы ва Украіне будзе прадстаўляць Святлана Шаціліна. Да гэтага два гады гэтым займаўся бізнэсовец і былы выведнік Генадзь Манько.
Месца прадстаўніка Святланы Ціханоўскай у Кіеве — гэта як пост выкладчыка абароны ад цёмных сіл у Хогвартсе, жартавалі на канферэнцыі "Новая Беларусь". Пры кожным новым прызначэнні ўсё ідзе не так, як хочацца, і Новы чалавек прыходзіць, каб усё гэта выправіць.
У гэтым сезоне ўсё закручваецца яшчэ цікавей. Паралельна размаўляць з Кіевам працягвае Валерый Кавалеўскі — ён толькі напярэдадні канферэнцыі "Новая Беларусь" вярнуўся з Украіны. Гэта не першая яго паездка, ён ужо выступаў там ад імя беларусаў, калі ўзначальваў Аб'яднаны пераходны кабінет. Але цяпер кабінета за Кавалеўскім няма, а дыялог з Кіевам застаўся.
Еўразвяз ужо папрывык, што беларускі дэмакратычны рух неаднастайны, і, здаецца, пакуль не заблытаўся ў стратэгіях розных актараў беларускіх дэмсілаў. Але ці справіцца Кіеў?
Шаціліна: "Трэба размежаваць: беларускі народ і нелегітымны рэжым"
Прыярытэты офіса ў супрацоўніцтве з Украінай. Коратка.
- Задакументаваць пазіцыю прадэмакратычных беларусаў у вайне;
- распавесці Украіне, чым беларусы могуць дапамагчы (напрыклад, кадрамі!);
- дамагацца ўмацавання суб'ектнасці інстытутаў беларускіх дэмсілаў, у тым ліку сустрэчы Ціханоўскай і Зяленскага.
Праз дзень пасля ўступлення на пасаду Святлана ўжо была ў рэдакцыі Еўрарадыё і тлумачыла, чым плануе займацца. Яна прызнаецца, што папярэднія паўгода, калі яна была намеснікам Генадзя Манько, прайшлі ў "спячым" рэжыме. Яна бегала па кіеўскім кабінетах, стукалася ва ўсе дзверы. А цяпер яна зможа паўтарыць гэты забег, але стукаць будзе ўжо як прадстаўнік беларускіх дэмсілаў, а не проста "беларуска Святлана".

— Вы пытаецеся, ці ёсць у мяне вопыт і Ці магу я вам зараз выкласці стратэгію? Такія ж пытанні я ўчора задала і ОПК, і офісу. Калі я правільна разумею, то я — іх правая рука. Але каб я магла быць іх правай рукой, мне трэба разумець іх агульную пазіцыю — разумець, як яны самі бачаць працу з Украінай.
Святлана жыве ва Украіне 20 гадоў, яе сын ваяваў. І ў яе ёсць свой погляд на тое, як беларускаму дэмакратычнаму руху варта выбудоўваць кантакты з Кіевам. І для пачатку беларусам варта глыбей пагрузіцца ў кантэкст.
— Трэба зразумець, што цяпер вызначае ўсю палітыку Украіны — вайна. І таму для Украіны важна, каб мы выразна і ў тым ліку дакументальна зафіксавалі сваю пазіцыю — зафіксавалі, што ў гэтай вайне мы на баку Украіны. Каб сказалі: мы, прадэмакратычныя настроеныя беларусы, на вашым баку. Зафіксаваць гэта варта і ў дакументах Каардынацыйнай рады, і ў дакументах офіса і Кабінета.
Трэба, каб маса такіх мэсэджаў была дастатковай, каб Украіна зразумела: так, нам ёсць, з кім размаўляць, і пазіцыя гэтых людзей нам зразумелая. Гэта значыць, нам трэба правесці размежаванне паміж намі і рэжымам Лукашэнкі: вось тут — беларускі народ, а тут — нелегітымны рэжым. І мы розныя. Вельмі ўмоўнае параўнанне як Паўночная і Паўднёвая Карэі.
Пасля гэтага можна думаць, што мы можам прапанаваць Украіне ў якасці дапамогі ў вайне. І публічна сказаць: мы можам гэта і гэта. Рэсурсы не абавязкова павінны быць фінансавымі, у нас ёсць і іншыя. Напрыклад, працоўныя рэсурсы. Бо з Украіны з'ехалі 5-6 мільёнаў людзей, ёсць дэфіцыт кадраў у медыцыне, у іншых сферах. І мы можам дапамагчы.
Для практычнай рэалізацыі такіх планаў важна ўсталяваць і развіваць працоўныя кантакты з рознымі галінамі ўлады Украіны і спрыяць умацаванню суб'ектнасці органаў, створаных беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Варта разьяснять сваю пазіцыю не толькі Кіеву, але і замежным дыпламатам, якія працуюць ва Украіне. Тады, магчыма, аргументы на карысць узаемадзеяння з беларускімі дэмакратычнымі інстытуцыямі загучаць гучней і будуць пачутыя Кіевам.
Кавалеўскі: "Я б не стаў турбавацца за магчымасьць Кіева разабрацца"
Пакуль Офіс і Кабінет прадумваюць сваю стратэгію адносін з Украінай, квіткі ў Кіеў купляе яшчэ і Валерый Кавалеўскі. На мінулым тыдні ён пагутарыў з прадстаўнікамі структур выканаўчай улады Украіны, дэпутатамі Вярхоўнай Рады, дыпламатычным корпусам, экспертнай супольнасцю і дыяспарай.
Прыярытэты Кавалеўскага ў супрацоўніцтве з Украінай. Коратка.
- Не забыцца пра Беларусь падчас мірных перамоваў;
- данесці, што суверэнітэт Беларусі выгадны Украіне;
- набрацца вопыту абмену ваеннапалоннымі і выкарыстоўваць гэта ў працы па вызваленні палітвязняў.
— Ва Украіне дзейнічае нямала беларускіх ініцыятыў, прысутнасць яшчэ адной можа пашырыць беларускую прастору ў краіне. З улікам таго, што многія з прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл, зацікаўленых у супрацоўніцтве з Украінай, не заўсёды згаджаюцца паміж сабой, разлічваць на эфектыўную каардынацыю не даводзіцца, хоць яна была б не лішняй.

Са свайго боку, імкнуся да такой каардынацыі або, як мінімум, да абмену інфармацыяй і думкамі з тымі, хто заняты практычнай працай ва Украіне. Пасля таго, як спадарыня Шаціліна агучыць прыярытэты пры прадстаўленні інтарэсаў палітычных структур, з'явіцца магчымасць супаставіць іх са сваімі мэтамі і зразумець, ці ёсць тут месца для сумесных дзеянняў.
Разам з тым, я б не стаў турбавацца за здольнасць Кіева разабрацца ў пазіцыях розных частак беларускіх дэмакратычных сіл. Украіна цвёрда кіруецца сваімі нацыянальнымі інтарэсамі і ў палітыцы па Беларусі таксама. Розныя плыні дэмсілаў маюць прыкладна аднолькавы доступ да ўкраінскай улады і ў цэлым аднолькавыя магчымасці даносіць да яе сваё бачанне.
Ёсць таксама свая экспертная супольнасць, якая ўважліва адсочвае сітуацыю ў Беларусі і дэмакратычным руху і дапамагае ўкраінскім уладам разбірацца ў асноўных трэндах.
Дык калі Ціханоўская прыедзе ў Кіеў?
Было б добра дапамагчы ўкраінскай супольнасці і беларусам разабрацца ў асноўных трэндах і зразумець, што цяпер адбываецца ў беларуска-ўкраінскіх адносінах. І Еўрарадыё звярнулася па дапамогу да ўкраінскага палітолага Дзмітрыя Грамакова.
Прыярытэты Кіева па версіі Грамакова:
- прызнайце свой урад у выгнанні;
- прыязджайце, размаўляйце;
- не пытайцеся, калі Ціханоўская сустрэнецца з Зяленскім.
Некалькі гадоў таму мы ўжо пыталіся ў яго, як Кіеў вырашае, з кім з беларусаў будзе размаўляць, а з кім — не. І тады палітолаг сказаў, што для Украіны легітымная тая беларуская структура, якой давярае сама Украіна. Каму давярае Кіеў сёння?
Па словах Грамакова, за пазіцыю беларусаў Кіеў будзе прымаць пазіцыю інстытутаў, якія нам удалося стварыць у эміграцыі. І пакуль што да гэтых інстытутаў ставяцца офіс Святланы Ціханоўскай і Аб'яднаны пераходны кабінет.
— Мы заўсёды спрабуем данесці: нам не патрэбныя новыя суб'екты. Нам трэба, каб кожны прадстаўнік беларускіх дэмсілаў, хто хоча ўплываць на пазіцыю па Украіне, мог выйсці на існуючыя пляцоўкі, там сваю пазіцыю заявіць і валідызаваць [праз кабінет і офіс, — Еўрарадыё].
Ва Украіне таксама шмат розных меркаванняў па розных пытаннях, але ёсць афіцыйна пэўныя органы, якія дэманструюць канчатковую волю. Ёсць парламент, Кабінет міністраў, прэзідэнт і яго офіс. І вы павінны старацца выйсці на гэты ж узровень.

Еўрарадыё перапытала: "Нікому не забараняеце? Нават Святлане Ціханоўскай?" Раней, калі паміж беларускімі палітыкамі і ўкраінскімі экспертамі заходзіла размова пра не-сустрэчу Ціханоўскай з Зяленскім, сітуацыя аказвалася блізкая да скандалу. А што цяпер?
— На жаль, на дадзены момант Кіеў не бачыць магчымасці для такой сустрэчы, таму што мы маем справу з расколатым грамадствам. Што будзе далей? Беларусы прыедуць да сябе дадому на нашых танках або падчас нацыянальнага дыялогу знойдуць нейкі агульны шлях, і мы будзем вымушаныя размаўляць ужо з аб'яднанай Беларуссю?
З кім у будучыні мы будзем весці дыялог? Адказу няма, і Кіеў дыстанцуецца, не вядзе перамовы на афіцыйным узроўні ні з якімі прадстаўнікамі Беларусі. Мы не размаўляем з Лукашэнкам, мы не асабліва набліжаем дэмакратычную супольнасць.
Але ніколі не было праблем з тым, каб Ціханоўская прыехала ва Украіну пагутарыць з беларускай дыяспарай, з добраахвотнікамі. Ніхто не супраць-калі будзе ўзгодненая праграма яе візіту, то чаму не?
А чаго хочуць ад дэмсілаў беларусы, якія жывуць ва Украіне?
Еўрарадыё паразмаўляла з беларускай Ганнай (імя змененае), якая жыве ва Украіне. Мы папрасілі яе расказаць пра асноўныя праблемы, якія яна хацела б бачыць вырашанымі з дапамогай офіса Ціханоўскай.
Ганна даслала нам дакумент, які дыяспара рыхтавала яшчэ ў лютым — у ім пералічаныя галоўныя цяжкасці беларусаў ва Украіне. Некаторыя з іх ужо пачалі вырашацца — напрыклад, цяпер беларускі добраахвотнік можа разлічваць на атрыманне грамадзянства праз год службы ў УСУ.
Прыярытэты беларусаў ва Украіне (спіс няпоўны):
- стварыце нармальныя ўмовы для легалізацыі добраахвотнікаў;
- стварыце проста нармальныя ўмовы для легалізацыі;
- разблакуйце рахункі.
Але некаторыя праблемы далёкія ад рашэння.
Напрыклад, каб падаць дакументы ў міграцыйную службу, часта трэба падаць даведку аб несудзімасці ў Беларусі. І, зразумелая справа, у беларусаў часта ўзнікаюць праблемы з яе афармленнем. А наяўнасць пратэрмінаванага пашпарта можа стаць перашкодай для рэгістрацыі шлюбу, калі толькі ваш выбраннік або выбранніца не на кантракце з ВСУ — тады могуць пайсці насустрач.
Узнікаюць і складанасці з падачай на палітычны прытулак: у міграцыйнай службе часта адмаўляюцца прыняць заяву, спасылаючыся на ваеннае становішча, і няма выразнага механізму ацэнкі пагроз для заяўнікаў.
У беларусаў застаюцца заблакаванымі рахункі і няма механізму, як разблакаваць іх, нягледзячы на антываенную пазіцыю. Заблакаваны рахунак і адсутнасць дакументаў выліваюцца ў складанасці з арэндай жылля і набыццём нерухомасці. Зарэгістраваць месца пражывання — таксама пастаянная праблема.
— Застаецца пытанне немагчымасці мець карты і праводзіць аплаты праз банк у грыўнях за важныя паслугі, напрыклад, страхоўку, — распавядае нам Ганна. - І я б дадала, што мы самі шукаем шляхі вырашэння сваіх праблем.
Спачатку да нас прыязджалі прадстаўнікі дэмсіл, пыталіся пра праблемы. Прайшоў час, але зрухаў не было. Мы зрабілі першую версію дакумента з праблемамі вясной 2023 года, падымалі пытанні ў Вярхоўнай Радзе і на розных мерапрыемствах, у Львове падрыхтавалі круглы стол з Упаўнаважаным па правах чалавека па Львове і Львоўскай вобласці. Зараз чакаем наступнай сустрэчы і паступовага вырашэння хаця б некаторых пытанняў, асабліва для беларусаў, якія ваююць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.