Ці можна адарваць эканоміку Беларусі ад Расіі без сацыяльнага выбуху?

Меркаванне ўкраінскага дыпламата

Меркаванне ўкраінскага дыпламата / Euroradio

— Я не бачу перспектываў хуткай дэмакратызацыі, найперш у Беларусі, асабліва ў эканамічнай частцы. Давайце будзем шчырымі — эканоміка Беларусі цяпер на сто працэнтаў залежыць не ад яе самой, а ад паставак, ад расійскай падтрымкі, — лічыць украінскі ўдзельнік 4-га Форуму Астрожскіх, які выказаў такое меркаванне падчас экспертнай панэлі па эканоміцы [Форум працуе паводле правілаў Chatham House. Расказваць пра дыскусіі і выказванні можна, але без пазначэння крыніцы, — Еўрарадыё].

— Паглядзіце: ёсць пяць-шэсць гігантаў, якія фактычна працуюць і забяспечваюць эканоміку сыравінай. Возьмем, напрыклад, нафтаперапрацоўчыя заводы. БелАЗ, скажам, выжывае толькі дзякуючы расійскім заказам. Ну добра, калі яго перакупяць іншыя — дапусцім. Але ўсё астатняе працуе выключна за кошт расійскай эканомікі.

Да чаго я гэта кажу — калі пачнецца мадэрнізацыя беларускай эканомікі, адбудзецца магутны сацыяльны выбух. На вуліцы выйдуць тысячы людзей, і ніводзін майдан не параўнаецца па маштабе з тым, што адбудзецца.

Кажу гэта таму, што раней я працаваў у сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, і мы абмяркоўвалі сітуацыю ўкраінскага ВПК. Калі пачалася канверсія, падлічылі, што пры мадэрнізацыі каля паўтара мільёна чалавек застануцца без працы.

Мне цяжка ўявіць, колькі людзей страцяць працу ў Беларусі, калі яна пачне мадэрнізацыю і перастане атрымліваць танныя рэсурсы з Расіі.

Беларускія заводы трымаюцца толькі дзякуючы таннаму газу, сыравіне і таму вырабляюць канкурэнтаздольную прадукцыю. Уявіць, як эканоміка Беларусі будзе існаваць без расійскай падтрымкі, — складана. Адкрыта скажу: я не бачу магчымасці аддзялення беларускай эканомікі ад расійскай без сур’ёзнага сацыяльнага выбуху, — папярэджвае ўкраінскі эксперт.

Можно ли оторвать экономику Беларуси от России без социального взрыва?

Ён лічыць, што эканамічная залежнасць вядзе да паступовага паглынання Беларусі Расіяй, і тое, што з гэтым рабіць, — пытанне да саміх беларусаў.

— Палітычнай волі я не бачу, падмурак застаецца тым самым. Які выхад? Гэта пытанне, над якім павінны думаць самі беларусы. Калі дэмакратызацыя і адбудзецца, то нейкім іншым шляхам.

Спікер таксама нагадвае пра пытанне рэпарацый Украіне пасля заканчэння вайны.

— Думаю, што беларуская эканоміка яшчэ доўга застанецца такой, якая яна ёсць. Нашы прагнозы адносна супрацоўніцтва можна будзе будаваць ужо пасля заканчэння вайны. Цалкам згодны адносна рэпарацый і палітычных пытанняў — іх усё адно трэба будзе вырашаць. Але ўявім, што вайна скончылася, хоць бы перамір’ем. Тады нам давядзецца зноў наладжваць кантакты з тымі ж структурамі, якія цяпер існуюць у Беларусі.

Я не бачу магчымасці цяпер гаварыць пра рынкавыя ўмовы, таму што эканоміка ўсё адно застанецца арыентаванай на сацыяльную мадэль. Нават калі Лукашэнка сыдзе, эканоміцы будзе вельмі цяжка, і яна можа страціць канкурэнтаздольнасць, — упэўнены эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.