Зяць Віктара Лукашэнкі стане дырэктарам рэстараннай фірмы

Кавярня, ілюстрацыйнае фота

Кавярня, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

"Рыбная каралева" Людміла Няронская, сяброўка сям'і Віктара і Ліліі Лукашэнкаў, вырашыла заняцца рэстаранным бізнесам. 29 ліпеня 2025 года яна зарэгістравала кампанію "Марская мануфактура", якая засяродзіцца на дзейнасці рэстаранаў, піша "Бюро".

5% акцый у "Марской мануфактуры" належыць самой Няронскай, а астатнія 95% запісаныя на яе ж кампанію "Марскія сезоны". Дырэктарам новай фірмы стаў Дзмітрый Дзятлаў — муж старэйшай дачкі Віктара Лукашэнкі, Вікторыі Дзятлавай (Лукашэнка).

На сённяшні дзень на кампанію ўжо зарэгістраваныя чатыры аб’екты грамадскага харчавання — сталовая на 60 пасадачных месцаў, дзве кавярні і крама-кулінарыя. Крама размесціцца на праспекце Незалежнасці насупраць гандлёвага цэнтра Dana Mall. Абедзве кавярні (на 40 пасадачных месцаў кожная) будуць называцца аднолькава — "Рыбны дом "Марскія сезоны". Першая адкрыецца на Партызанскім праспекце ў будынку "Мотавелазавода", а другая — на Ігуменскім тракце.

Дарэчы, Дзмітрый Дзятлаў займае таксама пасаду намесніка па агульных пытаннях адразу ў дзвюх кампаніях Людмілы Няронскай — "Марскія сезоны" і "Марскія промыслы". Як выявілі расследвальнікі "Бюро", там яго штомесячны заробак брута складае больш за 10 тысяч рублёў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.