Унук Лукашэнкі стаў бізнесменам і зарэгістраваў фірму ў "аршанскім афшоры"

Семья Лукашенко

Чым займаецца ўнучак Лукашэнкі? / Euroradio

Упершыню ў гісторыі эпохі кіравання Аляксандра Лукашэнкі член яго сям’і зарэгістраваў прыватны бізнес. Гэтым шчаслівым сваяком стаў унук Лукашэнкі — Аляксандр Лукашэнка-малодшы, сын Віктара і Ліліі Лукашэнка. Пра гэта даведаліся расследавальнікі "Бюро".

Дваццацігадоваму Аляксандру Лукашэнку-малодшаму належыць 20% кампаніі "Сезон упакоўкі", якая з’явілася 2 чэрвеня 2025 года.

Кампанія ўнука Лукашэнкі плануе займацца вытворчасцю гафрыраванай паперы і кардону, папяровай і кардоннай тары. Яна зарэгістравана ў асаблівай эканамічнай зоне "Брэміна-Орша". Гэта месца называюць "аршанскім афшорам" з-за шырокіх ільгот і прэферэнцый, якімі яе забяспечыў дзед Аляксандра асабіста сваім указам.

Праз тыдзень пасля рэгістрацыі кампанія "Сезон упакоўкі" змяніла адрас і пераехала ў Болбасава, на тэрыторыю "Брэміна-Оршы", дзе базуюцца фірмы-"кашалькі" Лукашэнкі.

Ці ўвайшла яна ў склад асаблівай эканамічнай зоны і ці атрымала ільготы — невядома: у чэрвені "Брэміна груп" раптоўна схавала спіс яе рэзідэнтаў, піша "Бюро".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.