Прэзідэнцкі спартовы клуб хоча заняць нішу рэгістрацыі IMEI-нумароў мабільнікаў

Дзмітрый Лукашэнка

Дзмітрый Лукашэнка / ТАСС

Прэзідэнцкі спартовы клуб, якім кіруе сярэдні сын Лукашэнкі Дзмітрый, хоча заняць нішу рэгістрацыі IMEI-нумароў мабільнікаў у Беларусі. Гэта даведалася арганізацыя былых сілавікоў BELPOL з дакумента, які трапіў ім у рукі.

Не так даўно дэлегацыя клуба пабывала ў Таджыкістане. Там у прадстаўнікоў Беларусі адбыўся шэраг сустрэч з кіраўніцтвам ТАА "Авеста груп" — адной з найбуйнейшых і найбольш уплывовых кампаній краіны.

Па выніках візіту ПСК выкзаў жаданне вывучыць таджыцкі досвед і ўкараніць сістэму рэгістрацыі IMEI мабільных прылад. Гэта дазволіць кантраляваць увесь мабільны рынак краіны. Любы тэлефон, які ўвозіцца ў Беларусь, будзе абавязаны прайсці рэгістрацыю праз структуру, падкантрольную ПСК — вядома, за плату.

На сёння ў Беларусі няма цэнтралізаванай дзяржаўнай ці прыватнай структуры, якая займаецца абавязковай рэгістрацыяй IMEI-нумароў мабільнікаў. Тэлефоны ўвозяцца ў краіну свабодна (у межах мытных нормаў) Аператарская сетка ідэнтыфікуе іх па IMEI, але не блакуе "шэрыя" прылады. (IMEI (International Mobile Equipment Identity)-унікальны 15-значны нумар, які ідэнтыфікуе кожны мабільны тэлефон.)

Калі ПСК атрымае манаполію на рэгістрацыю ўсіх мабільнікаў у краіне, з'явіцца новы кантраляваны і прыбытковы рынак. Гэта не толькі дасць стабільны прыток грошай, але будзе азначаць поўны лічбавы кантроль ўсіх мабільных прылад у Беларусі. У BELPOL таксама кажуць, што пры ўкараненні такой сістэмы ПСК зможа ўплываць на рынак тэхнікі, абмяжоўваючы доступ для канкурэнтаў ці "шэрага імпарту".

Акрамя таго, ПСК набудзе палітычную і эканамічную вагу праз збор big data пра ўсіх мабільных карыстальнікаў.

У Таджыкістане такая сістэма ўжо дзейнічае. "Авеста груп" можа быць тэхнічным ці фінансавым падрадчыкам у аналагічным праекце ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.