Жыхарам трох раёнаў Мінска рэкамендавалі выкарыстоўваць падвозную ваду
Людзі скардзяцца на дрэнную якасць вады / БЕЛТА
Жыхарам трох раёнаў Мінска (Кастрычніцкага, Заводскага і Ленінскага) Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі рэкамендуе выкарыстоўваць для пітных мэтаў, падрыхтоўкі ежы і асабістай гігіены падвозную або бутыляваную ваду. Прычынай стала пагаршэнне якасці вады з-за аварыі. "Мінскводаканал" па-ранейшаму прамывае сеткі ў "зоне ўплыву аварыі". Пасля заканчэння гэтых работ плануецца "правядзенне адбору пробаў вады... для лабараторных даследаванняў".
Спецыялісты санітарнага нагляду кантралююць сітуацыю з гатаваннем ежы і выкананнем умоў асабістай гігіены ва ўстановах адукацыі ў згаданых раёнах.
Аварыя на вадаводзе (была пашкоджана труба ў вёсцы Клімавічы Мінскага раёна) здарылася ўвечары 26 верасня. Ужо ўначы водазабеспячэнне аднавілі, але людзі скардзіліся на дрэнную якасць вады. Праблема яшчэ не вырашаная.