Замест польскага дызеля — стары цеплавоз. Як БЧ вяртае савецкія цягнікі

Вымушанае імпартазамяшчэнне
Беларуская чыгунка занялася вымушаным імпартазамяшчэннем рухомага саставу, піша “Флагшток”. Замест еўрапейскіх вытворцаў БЧ вяртае ў строй цягнікі савецкага ўзору.
Пасля красавіцкай аварыі ў ТЧ-9 на маршруце Гомель–Мінск не знайшлося замены швейцарскаму цягніку Stadler, і чыгунка была вымушаная выкарыстоўваць састаў з лакаматыўнай цягаю.

Змены закранулі рэйсы па пятніцах, нядзелях і святочныя дні.
У ТЧ-12 пасля паломкі польскага дызельнага цягніка PESA на лініі Гомель–Магілёў у мінулым месяцы пачалі выкарыстоўваць сцяжку са старога цеплавоза і двух вагонаў рыжскага дызельнага цягніка.
Пасля ўвядзення заходніх санкцый супраць Беларусі еўрапейскія кампаніі адмовіліся ад паставак і рамонту чыгуначнай тэхнікі для БЧ.
Раней Еўрарадыё са спасылкай на Супольнасць чыгуначнікаў пісала, што Беларуская чыгунка спрабуе дамовіцца з Кітаем аб куплі электравозаў, нягледзячы на шматлікія адказы кітайскага боку з-за санкцыйных рызыкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.