"Віця, а нахера?" Блогер расказвае, як прыбраў Эйсманта з эфіру

Віктар Малішэўскі vs парушальнікі Выбарчага кодэкса

Віктар Малішэўскі vs парушальнікі Выбарчага кодэкса / @rubanau_collage

Медыяэксперт і блогер Віктар Малішэўскі "прыбраў" з эфіраў Белтэлерадыёкампаніі давераных асоб Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, галоўрэд "Беларусь сегодня" Дзмітрый Жук і дырэктарка прадстаўніцтва МТРК "Мир" Вольга Шпілеўская неспадзявана забылі зазірнуць у Выбарчы кодэкс, калі сталі даверанымі асобамі.

Артыкул 46 кодэкса настойвае: журналісты і службовыя асобы СМІ не могуць весці тэлепраграмы ці ўдзельнічаць у асвятленні выбараў праз медыя, калі названыя асобы — кандыдаты ў прэзідэнты або іх давераныя асобы.

Але Эйсмант, Шпілеўская і Жук працягвалі хадзіць у "Клуб рэдактараў". Пакуль на гэта не звярнуў увагу Малішэўскі. Праз сайт "Обращения.бел" ён падаў гэтым медыяменеджарам знак — маўляў, па законе вы цяпер мусіце быць у адпачынку, а не ў эфіры. І ўсе трое сапраўды зніклі з "Клуба рэдактараў".

Пакуль што гэта адзінае дакументальна зафіксаванае парушэнне за ўвесь час выбарчай кампаніі, якое было прызнанае ўладамі.

 

Мусілі ўзяць адпачынак на час выбарчай кампаніі

— Спачатку я думаў, што проста напішу пра гэта пост для сацсетак. Але зразумела, што пост (нават калі яго хтосьці перадрукуе) нічога не зменіць. Таму я напісаў не толькі пост, але і зварот на сайт “Обращения.бел”. Напісаць туды можа кожны (праўда, трэба прайсці даволі складаны квэст, каб трапіць на гэты сайт, прарвацца праз усе верыфікацыі).

У мяне пайшло каля гадзіны, каб разабрацца, як там усё працуе. Але калі прадэманстраваць упартасць, то вам павінныя адказаць.

“Витя, а нахера?” Блогер рассказывает, как убрал Эйсмонта из эфира
Але хіба нехта публікаваў тэксты пра сустрэчы іншых кандыдатаў з даверанымі асобамі? / Euroradio

Карацей, калі вам, у адрозненне ад беларускіх уладаў, усё яшчэ "да законаў", вы можаце, назіраючы за выбарчай кампаніяй, нафіксаваць шмат цікавага.

— І было б нядрэнна, калі б хтосьці такія місіі браў на сябе час ад часу.

Але навошта? У каментарах да паста Малішэўскага ў Facebook спыталі яшчэ больш шчыра: "Віця, а нахера?"

— Але калі ты бачыш парушэнне закона, ты мусіш на гэта рэагаваць, адказвае Малішэўскі для Еўрарадыё. Зразумела, што рабіць гэта з Беларусі небяспечна. Не ведаю, ці пісаў бы я гэты зварот, калі б жыў у Беларусі. Магчыма, асцярогся б.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.