Літоўская чыгунка не рыхтуецца ўзнаўляць транзіт калія з Беларусі

Беларускія калійныя ўгнаенні

Беларускія калійныя ўгнаенні / Euroradio

Літоўская чыгунка не рыхтуецца да транспарціроўкі беларускага калія, адказалі Еўрарадыё ў акцыянерным таварыстве "Літоўскія чыгункі".

"Калійныя ўгнаенні з Беларусі не транспартуюцца па чыгунцы праз Літву з-за міжнародных санкцый, і няма прыкмет, што гэтая сітуацыя можа змяніцца", — адказалі нашым журналістам у прэс-службе.

На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра магчымасць "буйной дамовы" з ЗША. Напачатку верасня беларуска-амерыканская дамова ўжо прывяла да вызвалення дзясяткаў людзей з беларускіх турмаў і калоній, у абмен на гэта амерыканскі бок зняў санкцыі з авіякампаніі "Белавіа". Імаверна новая дамова прывядзе да зняцця іншых санкцый.

Найбольш балючымі з'яўляюцца санкцыі ў адносінах экспарту беларускіх калійных угнаенняў. Магчымасць транспартаваць іх праз порт Клайпеды ў Літве дапамагло б палепшыць становішча беларускай эканомікі. Але па дадзеных літоўскай чыгункі пакуль няма сігналаў пра тое, што такі экспарт можа ўзнавіцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.