Літва чакае прыбыцця новай групы беларускіх палітвязняў

Перагаворшчык з Беларуссю ад ЗША Джон Коўл / Euroradio
Літва чакае прыбыцця новай групы палітвязняў, піша Наша Ніва са спасылкай на члена Сейма Літвы Рэмігіюса Матузаса. У яго няма дадзеных пра тое, колькі людзей прыедуць з Беларусі ў Літву.
“Пакуль гэта канфідэнцыяльна, і мы дакладна не ведаем, але такая [аперацыя] была і будзе працягвацца”, — сказаў дэпутат у размове з літоўскім выданнем LRT.
Ён дадаў, што яго краіна возьме на сябе абавязак паклапаціцца пра вызваленых людзей.
На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць заключыць "вялікую здзелку" з ЗША. Ён загаварыў пра гэта падчас нарады па развіцці беларуска-амерыканскіх адносінаў.
Падчас вераснёвага візіту ў Мінск прадстаўнік амерыканскага лідара Дональда Трампа Джон Коул заявіў, што ЗША ставяць мэтай нармалізацыю беларуска-амерыканскіх адносінаў. Адной з задач ён назваў вяртанне ў Мінск амерыканскага пасольства. Пасля таго візіта з беларускіх турмаў і калоній выйшлі некалькі дзесяткаў палітзняволеных беларусаў і грамадзян іншых краінаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.