Пад Клайпедай пачалі рамонт чыгуначных пуцей. Падрыхтоўка да транзіту калія?

Вагон “Беларуськалій”

Вагон “Беларуськалій”

Літоўская чыгунка не рыхтуецца да ўзнаўлення транзіту калія. У адказе на запыт Еўрарадыё LTG адказала, што для гэтага "няма індыкатараў".

— Калійныя ўгнаенні з Беларусі не перавозяцца чыгуначным транспартам праз Літву праз міжнародныя санкцыі, і няма ніякіх прыкмет таго, што гэтая сітуацыя можа змяніцца, — заявілі ў Літоўскай чыгунцы.

Раней на гэтым тыдні Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці заключыць “вялікую здзелку” з ЗША. Паводле старшыні КДБ Івана Тэртэля, Мінск і Вашынгтон “дайшлі да кансэнсусу па шэрагу пытанняў”.

Сярод эканамічных — разблакіроўка руху па паралізаваных транспартных артэрыях, што ўскосна намякае на экспарт беларускіх калійных угнаенняў праз порт у Клайпедзе.

Што праўда, “Беларуськалій” знаходзіцца не толькі пад санкцыямі ЗША, але і пад еўрапейскімі. І пра іх адмену гаворкі пакуль не ідзе.

Эканамічная аглядальніца Вольга Лойка кажа, што пры патрэбе “тавар можа стаць амерыканскім яшчэ ўнутры Беларусі”.

— Ёсць розныя ўмовы, можна купляць на ўмовах паставак спажыўца, можа на мяжы — не так складана фармалізаваць, — кажа экспертка ў эфіры Еўрарадыё. — Я не здзіўлюся, калі гэта можна будзе фармалізаваць, калі будзе пастаўлена такая задача. Дональд Трамп таксама ўмее вырашаць задачы ад адказу — трэба, каб вырашылася вось так [як трэба, — Еўрарадыё].

У Супольнасці беларускіх чыгуначнікаў кажуць, што падрыхтоўку да аднаўлення транзіту калію ў Клайпеду можна будзе заўважыць па заключэнні новых кантрактаў.

— Гэта перш за ўсё бачна па дакументаабароце паміж Беларускай чыгункай (БЧ) і літоўскімі чыгункамі (LTG). Калі пачнуцца заключэнні новых кантрактаў на транзіт — гэта будзе відавочным сігналам. У такім выпадку нас [Супольнасць, — Еўрарадыё] папярэдзяць пра гэта.

Для аднаўлення транзіту не патрабуецца ніякіх рамонтных работаў — “усё неабходнае ўжо ёсць”. Тым больш што ўвесь гэты час праз Літву працягвае ісці экспарт тавараў, якія не падпадаюць пад санкцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.