Зяленскі: Расія плануе выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі ў ваенных мэтах

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / president.gov.ua

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія мае намер выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі ў ваенных мэтах. Пра гэта ўкраінскі лідар паведаміў у сваім афіцыйным тэлеграм-канале са спасылкай на даклад кіраўніка Службы знешняй разведкі Украіны Алега Івашчанкі.

"Алег Івашчанка далажыў пра расійскі план далейшай ваеннай эксплуатацыі тэрыторыі Беларусі. На дадзеным этапе мы не будзем рабіць гэтую інфармацыю публічнай. Папярэдзім партнёраў, для якіх гэта можа ўяўляць пагрозу", — напісаў Зяленскі.

У пятніцу адбудзецца сустрэча прэзідэнта Украіны з амерыканскім лідарам Дональдам Трампам. Зяленскі плануе абмеркаваць з амерыканскімі партнёрамі крыніцы паставак у Расію крытычных кампанентаў і абсталявання для вытворчасці зброі.

"Ва Украіне мы выразна разумеем, якія пастаўкі маюць найбольшае значэнне для Масквы, і кожная такая схема павінна быць перакрыта. У нашых партнёраў для гэтага ёсць усе магчымасці", — адзначыў Зяленскі.

Сёння ў Bloomberg выйшаў артыкул, у якім гаварылася пра рост колькасці заходніх камплектуючых у расійскіх дронах. Частка з іх трапляе ў Расію, у тым ліку праз Беларусь, таму Украіна можа быць асабліва занепакоеная перспектывай зняцця з Беларусі тых санкцый, якія адкрыюць шлях для патрэбных Расіі кампанентаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.