Лукашэнка пра ЗША: "Мы гатовыя з імі заключыць вялікую здзелку"

Аляксандр Лукашэнка / прэс-служба Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць заключыць "вялікую здзелку" з ЗША. Ён загаварыў пра гэта падчас нарады па развіцці беларуска-амерыканскіх адносінаў.
"На адной чашы вагаў — іх пытанні, просьбы і патрабаванні. На іншай — нашыя пытанні і патрабаванні. Вырашаем. Давайце будзем вырашаць. Мы да гэтага гатовыя", — сказаў Лукашэнка чыноўнікам.
Падчас вераснёвага візіту ў Мінск прадстаўнік амерыканскага лідара Дональда Трампа Джон Коул заявіў, што ЗША ставяць мэтай нармалізацыю беларуска-амерыканскіх адносінаў. Адной з задач ён назваў вяртанне ў Мінск амерыканскага пасольства.
Пазней у размове з Guardian спецыяльны прадстаўнік Трампа па Украіне генерал Кіт Келаг раскрыў матывы сустрэч амерыканскіх прадстаўнікоў з Лукашэнкам. Паводле яго слоў, афіцыйны Мінск цікавіць Вашынгтон як патэнцыйны канал сувязі з Уладзімірам Пуціным.
Лукашэнка сёння зноў намякнуў на гатоўнасць паўдзельнічаць у перамовах па дасягненні міру ва Украіне.
"Калі амерыканцы хочуць урэгуляваць канфлікт ва Украіне і бачаць там нейкую невялікую нашу ролю, мы гатовыя ў гэтым удзельнічаць", — нагадаў Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.