Літва часова вярнула Офісу Ціханоўскай найвышэйшы ўзровень аховы
Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай
Літва часова аднавіла ахову Святланы Ціханоўскай і яе офісу. Пра гэта літоўскаму LRT паведаміў дарадца лідаркі дэмсіл Дзяніс Кучынскі.
"Учора нам была адноўленая часовая ахоўная падтрымка з боку Службы бяспекі кіраўніцтва краіны датуль, пакуль не будзе створаная новая сістэма бяспекі. Мы таксама аднавілі працу нашага офіса. Спадзяёмся, што знойдзем далейшыя сумесныя рашэнні для забеспячэння бесперапыннасці працы ў Літве".
Кучынскі дадаў, што "незалежна ад абставін і рашэнняў Літвы, беларусы заўсёды будуць удзячныя Літве за падтрымку нашай барацьбы і прыняцце беларусаў".
Як распавядаў у эфіры Еўрарадыё дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, крымінальная паліцыя не ўзялася адразу за ахову Офіса і за бяспеку быў адказны адзін прыватны ахоўнік.