Зараз бяспеку Офіса Ціханоўскай забяспечвае толькі адзін прыватны ахоўнік
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya/
Бяспеку Офіса Святланы Ціханоўскай зараз забяспечвае толькі адзін прыватны ахоўнік. Пра гэта ў эфіры Euroradio распавёў дарадца лідаркі дэмсіл Аляксандр Дабравольскі.
"Да гэтага часу ніякай аховы ад крымінальнай паліцыі Офіса няма. Ёсць толькі адзін прыватны ахоўнік. Відавочна, што гэтае рашэнне калі і было прадумана, то так, што адну ахову адмянілі, а другой яшчэ няма", — сказаў Дабравольскі.
Ён дадаў, што літоўцы яшчэ прадумваюць, як менавіта варта арганізаваць ахову.
Таксама не выключаецца пераезд Офісу з Літвы ў іншую краіну. Але канчатковае рашэнне мусіць быць прынята пасля таго, як Офіс атрымае больш інфармацыі пра ўзровень забеспячэння ўласнай бяспекі.
Узровень аховы Ціханоўскай і яе працоўнага офіса быў зніжаны ў кастрычніку. Цяпер замест Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы палітыка будзе ахоўваць Бюро крымінальнай паліцыі Літвы. Яе дом і офіс па-ранейшаму будуць аховаўвацца, але асабістую ахову ў Ціханоўскай забяруць. Паводле прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы, узровень аховы для Ціханоўскай быў зніжаны, сыходзячы з ацэнкі кампетэнтных службаў.
UPD. Пазней саветнік Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі паведаміў, што ахова Службы аховы кіраўніцтва была вернутая Офісу, пакуль не будзе створаная новая сістэма бяспекі.