Беларускі чыноўнік шукае сустрэч з еўрапейскімі дыпламатамі

Сцяг Еўрасаюза

Сцяг Еўрасаюза / Reuters

Як мінімум адзін еўрапейскі дыпламат паведаміў, што сустракаўся з былым намеснікам міністра замежных спраў Беларусі, паслом Мінска ў Ватыкане Юрыем Амбразевічам, піша Reuters.

Пасольства Беларусі ў Парыжы, дзе Амбразевіч акрэдытаваны ў якасці прадстаўніка пры ЮНЕСКА, у канцы верасня разаслала па электроннай пошце запрашэнні ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы шэрагу еўрапейскіх краін з просьбай аб сустрэчы. Тры іншыя еўрапейскія дыпламаты пацвердзілі, што іх краіны атрымалі запрашэнні ад Амбразевіча, і што некаторыя з іх пагадзіліся сустрэцца.

"Я думаю, яны адчуваюць, што Трамп адкрыў магчымасць для зняцця санкцыі, і карыстаюцца ёю", — сказаў адзін з дыпламатаў.

Колькі менавіта чалавек атрымалі запрашэнні і прынялі яго, невядома.

Вядома, што ў электронным лісце, які разаслала амбасада, гаварылася, што Амбразевіч "цяпер нефармальна адказвае за каардынацыю беларускіх дыпламатычных кантактаў у сталіцах Заходняй Еўропы". Дыпламатам прапаноўваліся тры магчымыя даты для сустрэчы — 6, 8 ці 9 кастрычніка. У беларускай амбасадзе Reuters сказалі, што Амбразевіч "запытаў некалькі сустрэч з калегамі-амбасадарамі, акрэдытаванымі ў Францыі, у адпаведнасці са стандартнай дыпламатычнай практыкай".

Амбразевіч спрабуе данесці думку аб тым, што Беларусь імкнецца выйсці з палітычнай ізаляцыі і можа адыграць сваю ролю ў перамовах паміж Расіяй і Украінай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.