Улады Літвы абвяргаюць, што дрон з выбухоўкай быў запушчаны з Беларусі

Дрон, які зваліўся ў Літве / Lietuvos kariuomenės
Дрон з двума кілаграмамі выбухоўкі, які разбіўся ў Літве ў канцы ліпеня, нібыта быў запушчаны ў Беларусі, заявіў літоўскі навінавы партал Delfi са спасылкай на ўласныя крыніцы. Паведамляецца, быццам гэта была спланаваная аперацыя, каб праверыць магчымасці літоўскай супрацьпаветранай абароны і стварыць псіхалагічны эфект.
Нацыянальны цэнтр па кіраванні крызісамі (NKVC) Літвы абвяргае гэтую інфармацыю. У каментарыі для СМІ ў NKVC паведамілі, што даныя расследавання, якое праводзяць літоўскія вайскоўцы, дазваляюць прытрымлівацца першапачатковай версіі: дроны, якія трапілі на тэрыторыю Літвы, былі запушчаныя Расіяй ва Украіну і трапілі ў Літву выпадкова.
"Пры правядзенні гэтага расследавання Генеральная пракуратура супрацоўнічае з айчыннымі ўстановамі і міжнароднымі партнёрамі, каб забяспечыць аб'ектыўнае, стараннае і максімальна хуткае завяршэнне расследавання. Публічна прадстаўленыя інтэрпрэтацыі з ананімных крыніц уводзяць грамадскасць у зман", — перадае LRT камментар NKVC.
Дрон, пра які ідзе гаворка, прыляцеў у Літву зранку 28 ліпеня. Яго не зафіксавалі радары, але паведамілі мясцовыя жыхары. Пошукі беспілотніка працягваліся цэлы тыдзень. Калі яго знайшлі, у ім выявілі 2 кг выбухоўкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.