Двухметровы дрон зваліўся за 30 м ад школы ў Жлобінскім раёне

Дрон, ілюстрацыйнае фота

Дрон, ілюстрацыйнае фота / Reuters

За тыдзень з 8 да 14 верасня ў паветраную прастору Беларусі заляталі мінімум 25 расійскіх дронаў

Мінімум тры "шахеды", як сведчаць украінскія маніторынгавыя каналы, былі зарэгістраваныя ў нядзелю, 14 верасня. У 8:26 дроны ляцелі ў напрамку Гомеля і Лоева. А яшчэ адзін беспілотнік у раёне Лоева быў зарэгістраваны ў 17:03. Пра гэта піша гомельскае выданне "Флагшток".

Сігналы некаторых дронаў, як кажуць аўтары ўкраінскіх каналаў, губляліся перад заходам у Беларусь, а потым зноў з'яўляліся пры ўварванні ў Жытомірскую вобласць Украіны.

Зранку 11 верасня адзін з беспілотнікаў зваліўся ў пасёлку Лукскі Жлобінскага раёна. ТГ-канал "Свабодны Жлобін" адзначыў, што падзенне адбылося ў самым цэнтры пасёлка — за 30 м ад мясцовай школы і за 40 м ад жылых дамоў: "Па шчаслівай выпадковасці, ён упаў на стадыён. Папярэдне вядома, што выбуху не адбылося, пацярпелых няма. На месца аператыўна прыбылі сілавікі і сапёры, тэрыторыю ачапілі. Здымаць месца падзення і працу спецслужбаў забаранілі, але назіраць працэс эвакуацыі магла палова пасёлка".

Таксама некаторыя дроны заляталі ў Беларусь у ноч на 10 верасня. Яны ляцелі з тэрыторыі Украіны ў Брагінскі раён. Некаторыя з іх выляталі назад ва Украіну і накіроўваліся ў бок Кіева, лёс іншых застаецца невядомым.

У тую ноч было зафіксавана 17 залётаў расійскіх дронаў у Гомельскую вобласць.

Як вядома, акурат у ноч на 10 верасня 19 расійскіх дронаў парушылі паветраную прастору Польшчы. Чатыры з іх былі збітыя. Польскі бок падкрэсліў, што вялікая колькасць беспілотнікаў прыбыла з тэрыторыі Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.