Улады Грузіі затрымалі беларуса, які прасіў надаць яму прытулак

Дэпартамент па міграцыі ў Грузіі / 1tv.ge
Улады Грузіі адмовіліся прыняць дакументы ў беларуса і затрымалі яго пасля спробы падаць заяву на прытулак. Пра гэта ў сваіх сацсетках расказаў праваабаронца Раман Кісляк.
Праваабаронца суправаджаў чалавека, які папрасіў яго дапамагчы з дакументамі для атрымання прытулку ў Грузіі. 14 ліпеня ў 16:35 мужчына зайшоў у дэпартамент міграцыі.
"Загадзя падрыхтаваную заяву прынялі. Праз некаторы час заяву вярнулі назад і сказалі, што сёння не паспеюць яго прыняць, хай прыходзіць заўтра. На выхадзе яго затрымалі. Хлопец не візараніўся, гэта значыць пратэрмінаваў тэрмін знаходжання на тэрыторыі Грузіі", — піша Кісляк у Фэйсбуку.
Візаран — выезд з тэрыторыі краіны для абнулення перыяду знаходжання ў Грузіі.
Праваабаронца дадае, што грузінскія паліцыянты часта дзяжураць па дарозе да міграцыйнага дэпартамента і выбарачна правяраюць дакументы ў тых, хто ідзе ў яго. Так спрабуюць вылавіць тых, хто ідзе падавацца на прытулак, але перабывае на тэрыторыі краіны нелегальна.
У каментары "Белсату" Раман Кісляк паведаміў, што цяпер затрыманы беларус перабывае ў ізалятары для людзей, якія падлягаюць дэпартацыі. Утрымліваць там яго могуць да таго моманту, пакуль не вышлюць з краіны. Рашэнне аб дэпартацыі можна абскарджваць у судзе — тады працэдура можа заняць некалькі месяцаў. Калі справа будзе пададзена ў міжнародныя органы, тады чалавека няма сэнсу трымаць у ізалятары: яго выпусцяць, бо працэдура можа разглядацца ўжо ад двух да шасці гадоў.
У затрыманага мужчыны скончыўся тэрмін дзеяня беларускага пашпарта, і ён не можа паехаць у іншую краіну, падкрэслівае праваабаронца.
На цяперашні час у Грузіі ўжо больш за 60 беларусаў атрымалі адмовы ў наданні прытулку. Пераважная большасць з іх абскарджвае гэтыя рашэнні ў судах, таму за імі захоўваецца легальны статус просьбіта прытулку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.