Фонд BYSOL прапанаваў падтрымку пацярпелым ад паводзін Андрэя Стрыжака

Эмблема фонду BYSOL / BYSOL
Фонд BYSOL паведаміў, што падтрымку ахвярам харасменту Андрэя Стрыжака яны хочуць аказаць "не толькі спачуваннем".
"Андрэй Стрыжак пакінуў BYSOL пасля разгляду ў справе аб харасменце, але мы разумеем, што гэтым сітуацыя не вычэрпваецца. Пацярпелым ад сексуалізаванага харасменту з боку Андрэя Стрыжака нанесены ўрон. І мы як каманда хочам прапанаваць жанчынам сваю падтрымку", — гаворыцца ў заяве фонду.
Супрацоўнікі фонду паведамілі, што пачалі ўжо ўсталёўваць кантакты з пацярпелымі праз давераных асоб. Яны хочуць зразумець, якая менавіта дапамога цяпер патрэбная пацярпелым. Тым, у каго ёсць сілы, супрацоўнікі фонду прапанавалі звяртацца непасрэдна ў BYSOL.
Скандал вакол сузаснавальніка фонду Андрэя Стрыжака пачаўся ў ліпені. Некалькі жанчын паведамілі, што без сваёй згоды атрымалі ад яго дзікпікі. Стрыжак публічна прызнаў, што рассылаў такія фатаграфіі.
У фондзе пачалося ўнутранае расследаванне. Камісія выявіла 12 выпадкаў харасменту, у тым ліку ў дачыненні да пяці чалавек, якія атрымлівалі дапамогу ад фонду BYSOL. Камісія рэкамендавала цалкам спыніць супрацоўніцтва фонду са Стрыжаком. Аднак ён як заснавальнік заблакаваў такое рашэнне. Пасля ўнутраных дыскусій Стрыжака вырашылі пакінуць у фондзе на шэсць месяцаў, адхіліўшы ад любых кіруючых, прадстаўніцкіх і ўстаноўчых функцый у BYSOL.
На знак нязгоды з гэтым тры чалавекі пакінулі фонд. Таксама BYSOL выключылі з Міжнароднага гуманітарнага фонду, адкуль арганізацыя атрымлівала фінансаванне. У выніку Стрыжак абвясціў, што пакідае BYSOL, каб фонд мог далей працягваць сваю працу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.