Праца Офіса Ціханоўскай часткова пераведзеная ў дыстанцыйны рэжым

Дзяніс Кучынскі / Еўрарадыё
Праца Офіса Ціханоўскай не спыненая, але частка супрацоўнікаў цяпер працуе ў дыстанцыйным рэжыме.
Гэтыя перамены звязаныя са зменамі ў сістэме аховы і бяспекі лідаркі дэмакратычных сілаў Беларусі. Пра гэта паведаміў дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі. Паводле яго, гаворка ідзе пра часовае прыпыненне працы фізічнага офісу ў Вільні.
"Мы не можам агучваць дэталі з меркаванняў бяспекі. У офісе застаецца толькі частка неабходнай аперацыйнай каманды, астатнія супрацоўнікі перайшлі на дыстанцыйны фармат працы", — падзяліўся падрабязнасцямі Кучынскі.
Ён дадаў, што Офіс Ціханоўскай знаходзіцца ў пастаянным кантакце літоўскімі партнёрамі наконт дэталяў новай сістэмы бяспекі. "Пасля таго, як будзе зразумела, як менавіта яна будзе рэалізаваная, будуць прынятыя рашэнні адносна фармату далейшай працы Офіса", — патлумачыў Кучынскі.
Учора стала вядома, што ўзровень фізічнай аховы Святланы Ціханоўскай у Літве паніжаны: цяпер яе аховай будзе займацца крымінальная паліцыя, а не Служба аховы кіраўніцтва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.