Літва знізіла ўзровень фізічнай аховы Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская 

Святлана Ціханоўская  / LRT

Літва зніжае ўзровень фізічнай аховы Святланы Ціханоўскай, якая пражывае ў Вільні. Пра гэта са спасылкай на міністра замежных спраў Кястуціса Будрыса паведамляе літоўскі партал LRT.lt.

У Літве Ціханоўская мела статус афіцыйнага госця катэгорыі C. Звычайна такі статус надаюць амбасадарам замежных дзяржаў, кіраўнікам прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Літве, чальцам замежных урадаў, чальцам Еўракамісіі ды іншым асобам аналагічнага ўзроўню.

Ахову не адмяняюць, але зніжаюць узровень фізічнай абароны і перадаюць яе са Службы бяспекі кіраўніцтва краіны ў Бюро крымінальнай паліцыі. Рашэнне набыло моц 1 кастрычніка і будзе рэалізоўвацца паступова. Пры гэтым статус Ціханоўскай (афіцыйны госць краіны) і акрэдытацыя яе Офіса застаюцца.

"На падставе прынятых рашэнняў, ацэнкі сітуацыі з бяспекай і ацэнкі рызык было прынята рашэнне Службы бяспекі кіраўніцтва [краіны] аб зніжэнні ўзроўню аховы. Ціханоўская і яе апарат таксама былі праінфармаваныя аб гэтым рашэнні, і я асабіста з ёй пра гэта размаўляў", — кажа кіраўнік МЗС Літвы.

Як сцвярджае LRT.lt, ахова Ціханоўскай і спадарожныя выдаткі каштавалі Літве каля 1 млн еўра за год. У гэтую суму ўваходзіла кругласутачная фізічная ахова ў Літве і за мяжой, аўтамабілі для суправаджэння, утрыманне месца пражывання, а таксама карыстанне VIP-тэрміналамі ў аэрапортах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.