У Польшчы патлумачылі замарозку тэрмінаў разгляду спраў аб міжнароднай абароне

Польскі праязны дакумент і беларускі пашпарт / MOST
Замарозка тэрмінаў разгляду спраў аб міжнароднай абароне не азначае, што іх разгляд прыпыняецца. Пра гэта паведаміла Упраўленне па справах замежнікаў Польшчы.
Раней стала вядома, што ў Польшчы да 4 сакавіка 2026 года замарожваюцца тэрміны разгляду спраў аб міжнароднай абароне.
У ведамстве заявілі, што справы будуць разглядацца, а новыя заявы на міжнародную абарону будуць прымацца. Але ўпраўленне не абавязанае ўкладвацца ў вызначаныя законам тэрміны. Закон вызначаў, што заяўнік павінен атрымаць адказ не пазней як праз 6 месяцаў з дня падачы заявы, а ў складаных выпадках альбо пры вялікім наплыве заяваў — 15 месяцаў.
Таксама ведамства, як заўважыла выданне MOST, не абавязанае апавяшчаць заяўнікаў, што іх справы не будуць разгледжаныя ў вызначаны тэрмін. Прычым на парушэнне тэрмінаў ці бяздзейнасць органа нельга будзе падаць скаргу. Такая ж практыка дзейнічае ад 2022 года па справах аб ВНЖ.
Польскія чыноўнікі патлумачылі гэтую меру вялікім ростам колькасці заяваў — найперш з боку ўкраінцаў. Замарозка тэрмінаў разгляду ўводзіцца дзеля таго, каб адаптаваць адміністрацыйныя працэдуры да "надзвычайнай міграцыйнай сітуацыі".
"Вытворчасці [па справах] будуць па-ранейшаму весціся настолькі эфектыўна, наколькі гэта магчыма", — заяўляюць у ведамстве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.