Беларусам у Грузіі невядомыя прапануюць супрацу ў абмен на вырашэнне "праблем"

КДБ / Euroradio
Беларусам у Грузіі невядомыя прапануюць супрацу ў абмен на вырашэнне "праблем". На кантакт невядомыя выходзяць праз тэлеграм. Актыўнасць пачалася 18 чэрвеня і працягваецца дагэтуль, піша "Позірк".
Аўтары пасланняў звяртаюцца да адрасатаў па імені альбо па імені і па бацьку. Яны прапануюць звязацца для "абмеркавання ўзаемавыгаднай прапановы" ці прапановы, якая можа зацікавіць адрасата, і г.д. Невядомыя называюць адрас, па якім нібыта працуюць: праспект Незалежнасці, 17. Па гэтым адрасе ў мінску размяшчаецца Камітэт дзяржбяспекі.
Такую прапанова атрымала, напрыклад, трэнер па кікбоксінгу і тайскім боксе Марына Зялёная (Калініна). Яна паказала журналістам скрыншоты перапіскі.
На думку праваабаронцы Рамана Кісляка, які пражывае ў Грузіі, тут можна казаць пра сістэмную працу. Ён мяркуе, што ў лукашэнкаўскіх спецслужбаў можа быць некалькі мэтаў: "адпрацоўка" дыяспары перад пачаткам новай крымінальнай справы, пошук "слабога звяна", якое пагодзіцца супрацоўнічаць, а таксама запалохванне.
"Такая актыўнасць адназначна сведчыць, што дыяспара ў беларускіх сілавікоў у аператыўнай распрацоўцы. Гэта можа быць інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя. Нават калі людзі не рэагуюць на паведамленні, гэта ўсё роўна нясе пэўны эфект запалохвання. КДБ як бы намякае: дыяспара ў полі нашага зроку", — каментуе Кісляк.
Пры гэтым ён дапускае невялікую верагоднасць таго, што пад выглядам сілавікоў дзейнічаюць ашуканцы.
На пачатку чэрвеня з актыўнасцю спецслужбаў сутыкнуліся беларусы ў Польшчы. У фэйсбуку некаторым пісалі з акаўнта нейкай Maria Pulkovskay.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.