Жыхар Рагачоўскага раёна здаў у ламбард рэчы з арандаванай у Мінску кватэры

Ламбард

Ламбард / lombards.by

Жыхар Рагачоўскага раёна здаў у ламбард рэчы з кватэры, якую яму па дамове здалі ў арэнду ў студзені 2025 года.

Як паведамляюць у пракаратуры Кастрычніцкага раёна сталіцы, 29-гадовы мужчына аказаўся ў складаным матэрыяльным становішчы. Каб выйсці з яго, ён здаў у ламбард бытавую тэхніку і прадметы інтэр'еру, якія належалі арэндадаўцам: мікрахвалевую печ, духавую шафу, два тэлевізары, кававарку, два пыласосы, электрачайнік, люстэрка, пральна-сушыльную машыну, акустычную калонку і нават крэсла.

У траўні гаспадыня кватэры прыехала наведаць пастаяльца і заўважыла, што рэчы зніклі, пра што паведаміла ў міліцыю. Агульная сума нанесенага ёй ўрону склала 7 138,07 рублёў.

Кватэранта затрымалі ў той жа дзень, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Мужчына прызнаў віну і раскаяўся.

Па рашэнні суда, абвінавачанага накіравалі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 4 гады 1 месяц са штрафам у 16 тысяч 900 рублёў. Акрамя таго, ён павінен пакрыць пацярпелай нанесеную шкоду і выплаціць ёй 500 рублёў як маральную кампенсацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.