Навукоўцы прыдумалі, як адным аналізам крыві праверыцца на 50 відаў рака

Аналізы / Getty
Навукоўцы прыдумалі, як адным аналізам крыві выяўляць прыкметы больш як 50 відаў анкалагічных захворванняў. Тэст Galleri, распрацаваны амерыканскай фармкампаніяй Grail, дазваляе выяўляць фрагменты ракавай ДНК, што адарвалася ад пухліны і цыркулюе ў крыві.
У межах даследавання навукоўцы праверылі 25 тысяч жыхароў ЗША і Канады — у аднаго чалавека са ста вынік аказаўся станоўчым. Анкалогія пацвердзілася ў 62% з іх.
Крыніцу рака аналіз вызначаў дакладна ў дзевяці з дзесяці выпадкаў.
Як мяркуюць даследчыкі, у выпадку адабрэння такі аналіз можа “карэнным чынам змяніць” падыходы да скрынінгу рака, бо дапамагае выяўляць многія яго віды на ранняй стадыі. У спалучэнні з ужо прынятымі скрынінгамі раку малочнай залозы, лёгкіх і кішэчніка аналіз павялічыў выяўленне ў сем разоў.
Цяпер праводзіцца трохгадовае даследаванне з удзелам 140 тысяч пацыентаў у Англіі. Вынікі абяцаюць апублікаваць у наступным годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.