Офіс Ціханоўскай разглядае варыянт пераезду — Радыё Свабода

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / Святлана Ціханоўская

Офіс Святланы Ціханоўскай даслаў ліст заходнім дыпламатам з паведамленнем, што ўлады Літвы з 6 кастрычніка знізілі ўзровень аховы яе і Офісу. Папярэджанне пра гэта ў Офісе атрымалі менш як за тыдзень да падзеі — 1 кастрычніка.

Паводле звестак Радыё Свабода, у лісце паведамляюцца наступствы зніжэння ўзроўню аховы:
— Ціханоўская засталася без асабістай аховы;
— была знятая ахова і штаб-кватэры ў Вільні, што прымусіла большую частку каманды Офісу перайсці на дыстанцыйную працу;
— Ціханоўскую папярэдзілі, што цягам двух-трох тыдняў ёй належыць пакінуць жыллё, дзе яна пражывала пад аховай апошнія пяць гадоў.

Таксама ў лісце сцвярджаецца, што ў Беларусі пасля гэтага ўзмацніўся ціск на сваякоў людзей з каманды Ціханоўскай.

Цяпер Офіс Ціханоўскай чакае падрабязнасці ад Літвы наконт новай сістэмы бяспекі, якой будзе займацца крымінальная паліцыя.

Разам з тым у Офісе разглядаюць і іншыя варыянты, у тым ліку пераезд, каб забяспечыць найвышэйшы ўзровень аховы.

Каманда Ціханоўскай падзякавала Літве за падтрымку і адзначыла, што дзякуючы ранейшаму высокаму ўзроўню аховы не было ніводнага сур’ёзнага інцыдэнту з бяспекай. У лісце падкрэсліваецца, што Офіс не просіць заходнія ўрады пра дапамогу — прынамсі, на гэтым этапе.

Таксама, паводле звестак Радыё Свабода, пасля паніжэння ўзроўню аховы да супрацоўніка Офіса праз інтэрнэт звярнуўся прадстаўнік КДБ.

Дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі ў каментары Радыё Свабода заявіў наступнае: "Ніякіх афіцыйных лістоў мы не рассылалі, але магу сказаць, што мы камунікавалі асабіста з дыпламатамі наконт сітуацыі, якая склалася".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.