У Расіі ў вышук абвясцілі экс-палітвязняў, купалаўцаў і лыжніка-алімпійца

Сяргей Далідовіч, архіўнае фота

Сяргей Далідовіч, архіўнае фота / Еўрарадыё

Яшчэ 1180 беларусаў абвешчаныя ў вышук МУС РФ за апошнія паўгода.

Цяпер у гэтым спісе 5220 чалавек. Беларусы трапляюць у расійскі вышук пасля запыту з РБ — значыць, фігурантаў спісу шукаюць у абедзвюх краінах. Акрамя таго, іх могуць выдаць з "дружалюбных краін".

Сярод новых фігурантаў спісу дырэктар Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі, кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў, дыпламатычны дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі, спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан і яе дэлегат Аляксандр Кныровіч.

Дадаліся ў спіс некалькі журналістаў: Марыя Грыц, былы галоўрэд "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч, вядоўца шоу "Звычайная раніца" Марына Ментусава, вядоўца Кацярына Раецкая, журналістка Вольга Класкоўская і яе бацька Аляксандр Класкоўскі, Андрэй Мялешка, журналісты Радыё Свабода Ганна Соўсь і Віталь Цыганкоў, а таксама кінакрытык Максім Жбанкоў.

Абвешчаныя ў вышук некалькі экспертаў: Аляксандр Фрыдман, Павел Усаў, кіраўнік праекта "Кошт урада" Уладзімір Кавалкін і эканаміст Павел Данейка.

Пераследуе РФ і былых палітвязняў. У новым спісе пазначаныя Паліна Шарэнда-Панасюк, Антаніна Канавалава (і яе мама Ганна Канавалава), анархісты, асуджаныя па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння", Данііл Чуль і Андрэй Чапюк, а таксама Дзмітрый Гопта і яго мама Вольга. Таксама ў вышук абвясцілі Яўгенію Верамейчык — жонку каліноўца, палітвязня Васіля Верамейчыка.

Абвешчаныя ў вышук мастакі-акцыяністы Уладзіслаў Бохан і Аляксей Кузьміч, а таксама былыя акторы Купалаўскага тэатра, якія цяпер выступаюць у эміграцыі — Зоя Белахвосцік, Аляксандр і Валянціна Гарцуевы, Крысціна Дробыш.

Трапіў у спіс і лыжнік Сяргей Далідовіч, які ўдзельнічаў у сямі Алімпійскіх гульнях і 12 чэмпіянатах свету. Ён разам з дачкой Дар'яй у лютым 2022 года пакінулі Беларусь, калі ўлады за палітычную пазіцыю пазбавілі дзяўчыну магчымасці выступаць на міжнародных лыжных спаборніцтвах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.