Цераз "камісію па вяртанні" ў Беларусь вярнуліся 30 чалавек за амаль тры гады

Аляксей Стук

Аляксей Стук

За амаль тры гады дзейнасці дзяржаўнай "камісіі па вяртанні" з яе дапамогай у Беларусь вярнуліся ажно... 30 чалавек. Такую колькасць назваў намеснік генпракурора Аляксей Стук у тэлеэфіры 8 кастрычніка.

Ад часу стварэння камісіі ў яе паступіла 323 звароты, з якіх 70 былі разгледжаныя па сутнасці. У астатніх заявах, як кажа намеснік генпракурора, бракавала неабходных звестак. У такіх выпадках камісія прапаноўвала дапоўніць інфармацыю.

Нават паводле афіцыёзу з Беларусі пасля 2020 года выехалі некалькі соцень тысяч жыхароў. Незалежныя аналітыкі кажуць, што эміграцыя можа дасягаць 500-600 тысяч чалавек. На гэтым фоне колькасць зваротаў у камісію выглядае мізэрнай.

Не атрымліваючы звароты ад палітуцекачоў, камісія пачала разглядаць справы 16 футбалістаў і хакеістаў, якім з палітычных меркаванняў не дазвалялі гуляць у Беларусі. 11 з іх камісія "амніставала".

Праваабаронцы нагадваюць пра як мінімум тры выпадкі, калі нягледзячы на "дамоўленасці" і звароты ў камісію, людзі пасля вяртання ў Беларусь трапілі пад крымінальныя справы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.