У Вілейцы з дапамогай тэлефанавання затрымалі гвалтаўніка з Расіі

Увечары 31 кастрычніка ў Вілейцы адбыўся напад на маладую жанчыну, якая ішла з працы дахаты. У зацішным месцы яна заўважыла, што за ёй сочыць мужчына. Пра свае падазрэнні жанчына расказала па мабільным тэлефоне сяброўцы, а неўзабаве тая пачула ў трубцы крык.

Сяброўка патэлефанавала ў міліцыю. Супрацоўнікі мясцовага райаддзела ўнутраных спраў затрымалі 36-гадовага мужчыну. Ён з прымяненнем гвалту ўжо адвёў жанчыну ў іншае месца, там і "здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні".

Як інфармуе прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці, затрыманы мужчына — жыхар Вілейкі, які прыехаў жыць у Беларусь з Расіі.

Распачатая крымінальная справа па артыкуле “Згвалтаванне”. Зламысніку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Фота — Fotolia