У Мінску выкрылі групу раскрадальнікаў бетону

Як інфармуе БЕЛТА, сталічныя праваахоўнікі пачалі крымінальную справу за буйны крадзеж бетону. Сярод 14 падазраваных — кіроўцы, аператары, майстры і іншыя работнікі будтрэстаў Мінска. У асноўным іх дзеянні следства кваліфікуе па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў буйным памеры, а таксама махлярства, здзейсненае групай асоб. 

Следства паведамляе, што сістэматычнымі крадзяжамі з кастрычніка 2013-га па люты 2014 года займаўся 31-гадовы кіроўца аўтабетонамяшалкі. Мужчына працаваў на прыватным транспартным прадпрыемстве Мінска. У групе з іншымі кіроўцамі, а таксама прарабамі і майстрамі будаўнічых прадпрыемстваў горада яны спісвалі атрыманыя на заводзе бетонныя сумесі як скарыстаныя будаўнічыя матэрыялы. 

Скрадзены бетон зламыснікі прадавалі фізічным асобам. А ў дакументы запісвалі, што бетон быў выкарыстаны на будоўлях з бюджэтным фінансаваннем. 

Кіроўца застаецца на волі пад закладам. Шкоду ў памеры 300 мільёнаў рублёў зламыснікі кампенсавалі. Акрамя таго, следчыя наклалі арышт на маёмасць фігурантаў на суму больш як 500 млн рублёў. 

Ілюстрацыйнае фота — nekliaev.org