У 21-ю пратэставую нядзелю беларусы выйшлі гуляць у шэсць раніцы

Ланцужок салідарнасці раніцай 27 снежня ў Мінску / "Белсат"
Ланцужок салідарнасці раніцай 27 снежня ў Мінску / "Белсат"

27 снежня беларусы зноў выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў і раёнаў, патрабуючы новых выбараў і справядлівасці. Актыўнасць у 21-ю пратэставую нядзелю пачалася раніцай. У раёне Трактарнага завода, мінчукі, якія выйшлі на шпацыр, былі заўважаны ўжо ў 6:45.

Не адставалі ад жыхароў Заводскага раёна і жыхары Малінаўкі. "Мы за праўду, супраць гвалту", — такія лозунгі сёння сталі для гараджан будзільнікам.

Некаторыя калоны не проста хадзілі: жыхары "Шарыкаў" і Трактарнага правялі сумесную зарадку, зрабілі фотасесію і перадалі эстафету "калегам" з вуліцы Маякоўскага.

Традыцыйныя нядзельныя шэсці прайшлі на Мінску Паўднёвым, на Залатой Горцы, ва Уруччы, Грушаўцы, Серабранцы, каля парку Чалюскінцаў, у раёне метро "Спартыўная", у Гродне! 

Але не толькі людзі з БЧБ-сцягамі вырашылі прагуляцца. Ва Уруччы зноў выйшлі аматары аўтазакаў і ваеннай тэхнікі пад чырвона-зялёнымі сцягамі падтрымаць "герояў". На адным з праўладных ТГ-каналаў апублікавана відэа, каб паказаць, як сілавікі купаюцца ў народнай любові. Праўда, народу нешта прыйшло не вельмі шмат.

Не абыйшлося і без затрыманняў: на відэа з мікрараёна "Сокал" бачна, як восем АМАПаўцаў некуды вядуць дваіх мужчын.

Тым часам ў цэнтры сталіцы... адбываецца нешта неверагоднае. Уздоўж праспекта Незалежнасці скача вершнік на белым кані, з гербам "Пагоня" на гуньцы.

Да беларусаў Санкт-Пецярбурга, якія 140 дзён запар пратэставалі насупраць амбасады Беларусі, учора прыехала паліцыя. На 14 чалавек склалі пратаколы за парушэнне супрацьэпідэміялагічных захадаў.

Сёння — першы дзень з 9 жніўня, калі беларусы не пайшлі да амбасады. Але рэпрэсіі не прымусілі іх здацца. Яны сабраліся ў адным з піцерскіх двароў — і па-ранейшаму падтрымліваюць беларусаў, якія пратэстуюць на радзіме!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.