Сын беларускага кадэбіста вербаваў людзей у Польшчы

КДБ Беларусі

КДБ Беларусі

Бізнесовец з Беларусі Віктар П. удзельнічаў у вярбоўцы ў Польшчы людзей, якія нападалі на расійскіх апазіцыянераў у некалькіх краінах свету. Бацька Віктара — супрацоўнік беларускага КДБ. Пра гэта піша MOST са спасылкай на польскія СМІ.

Польскія спецслужбы выйшлі на Віктара П. падчас расследавання нападу на расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава ў Вільні. У сакавіку 2024 года Волкава збілі малатком невядомыя. Былі і іншыя напады на людзей, звязаных з Фондам барацьбы з карупцыяй, які заснаваў Аляксей Навальны. У чэрвені 2023-га ў Жэневе закідалі яйкамі Івана Жданава, блізкага паплечніка Навальнага. У верасні 2023 года ў Буэнас-Айрэсе невядомы ўдарыў жонку эканаміста Максіма Міронава.

Нападнікаў, як выявілася, вербавалі ў Польшчы. Расследаваннем нападаў займаецца польская пракуратура разам з Агенцтвам унутранай бяспекі (ABW). Падазраванымі па справе праходзяць 11 чалавек. У іх ліку называюць ужо згаданага беларуса Віктара П. і грамадзяніна Расіі Анатоля Б. Як сцвярджае следства, расіянін замаўляў і аплочваў нападыу, а беларус вербаваў выканаўцаў сярод польскіх грамадзян з крымінальнай мінуўшчынай. Ён жа быў пасярэднікам паміж заказчыкам і выканаўцамі.

Як піша Rzeczpospolita, Віктар П. — сын супрацоўніка беларускага КДБ. У Польшчы ён жыве легальна. З расіянінам анатолем Б. ён пазнаёміўся ў казіно. У СМІ раней пісалі, што ў Польшчы Віктара П. вінавацілі ў махінацыях з падаткамі.

Анатоль Б. з верасня 2024-га знаходзіцца пад вартай, а Віктар П. ды іншыя фігуранты справы — на волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.