Следчыя раскрылі забойства, якое адбылося ў Мінску 14 гадоў таму
Прэс-служба Следчага камітэта паведамляе, што праваахоўнікам удалося раскрыць забойства, учыненае ў 2003 годзе.
напрыканцы сакавіка таго года у сутарэннях дома па вуліцы Талбухіна ў Мінску было знойдзенае цела 58-гадовага вартаўніка кавярні. На трупе былі прыкметы гвалтоўнай смерці.
Следчыя спрабавалі знайціпадазраванага. Яны правялі допыты работнікаў кавярні, жыхароў бліжэйшых дамоў, сваякоў загінулага, яго атачэння. Дактыласкапічная экспертыза засведчыла, што большасць слядоў рук, зафіксаваных на месцы здарэння, належалі двум работніцам кавярні.
Не здолеўшы высветліць асобу, якая ўчынiла злачынства, следчыя прыпынілі расследаванне крымінальнай справы. Зноў яго аднавілі ў 2011 годзе: тады праваахоўнікам паступіла інфармацыя, што сляды рук з месца здарэння супадаюць са слядамі рук мужчыны, які памёр у папраўчай калоніі ў 2005 годзе.
Цела памерлага эксгумавалі ў 2012 годзе і ўзялі біялагічны матэрыял для экспертнага даследавання. Таксама следчыя знайшлі людзей, з якімі ён адбываў пакаранне ў 2005 годзе. Тыя прызналіся, што ў адной з гутарак яны пачалі шчыра расказваць пра ўчыненыя злачынствы. Тады падазраваны распавёў, што ён забіў чалавека. Прыяцелі яму не паверылі і вырашылі, што ён іх правярае.
Праз нейкі час, у траўні 2005 года, мужчына памёр ў папраўчай калоніі ва ўзросце 42 гадоў.
Папярэдняе расследаванне па гэтай крымінальнай справе атрымала пераканаўчыя доказы пра датычнасць мужчыны да забойства. Экспертыза пацведзіла, што адзін са слядоў рук на месцы здарэння па вуліцы Талбухіна належыць падазраванаму. Людзі, якія адбывалі з ім пакаранне, паведамілі, што падазраваны прызнаўся ў забойстве вартаўніка.
Таксама следства даведалася, што ў 2003 годзе мужчына здзесніў адміністрацыйныя правапарушэнні ў раёне забойства. Акрамя таго, паведамляецца, што ён вёў амаральны лад жыцця, не раз учыняў супрацьпраўныя дзеянні, бадзяўся.
Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе аб забойстве вартаўніка спыненае ў сувязі са смерцю падазраванага.