Расіяне прапануюць закрыць рынак ад беларускага цэменту

Расіяне не хочуць больш беларускага цэменту

Расіяне не хочуць больш беларускага цэменту / pixabay.com

Расіяне хочуць закрыць свой рынак ад беларускага цэменту. Там яго стала так шмат, што расійскія вытворцы вымушаныя зніжаць аб'ёмы і пераходзіць на чатырохдзённы працоўны тыдзень.

Будуюць у Расіі ўсё менш, попыт на цэмент зніжаецца. А імпарт наадварот расце. І самым буйным пастаўшчыком цэменту на расійскі рынак з'яўляецца Беларусь, а ўжо толькі за ёю — Казахстан, Іран, Кітай і В'етнам.

Таму найбуйнейшы расійскі вытворца цэменту "Цэмрос" прапануе абмежаваць імпарт. А галіновае аб'яднанне "Саюзцэмент" лабіруе антыдэмпінгавыя меры тэрмінам да пяці гадоў з магчымасцю неаднаразовага падаўжэння.

У 2010-я беларускія ўлады, прагназуючы эканамічны рост, уклалі сотні мільёнаў долараў у мадэрнізацыю трох цэментных заводаў. У выніку яны пачалі вырабляць шмат цэменту, але росту не адбылося, і ў такіх аб'ёмах ён апынуўся непатрэбны. Цяпер гэтыя цэментныя заводы ледзь зводзяць канцы з канцамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.