На Камчатцы прачнуўся вулкан, які спаў больш за 500 гадоў
Вывяржэнне вулкана Крашаніннікаў / ivsfebras_kvert / Telegram
Раніцай 3 жніўня прачнуўся вулкан, які спаў больш за 500 гадоў. Яго абудзіў магутны землятрус, які адбыўся ў Ціхаакіянскім рэгіёне 30 ліпеня.
Апошні раз вулкан Крашаніннікава на Камчатцы актыўнічаў напачатку XVI стагоддзя, калі Вялікім княствам Літоўскім кіраваў Жыгімонт I Стары. Днямі на яго схіле заўважылі расколіну. А цяпер вулкан выкідае ў паветра попел, слуп якога дасягае 6 км у вышыню.
На шляху воблака з попелу няма населеных пунктаў і зарэгістраваных турыстычных груп. Але вывяржэнню прысвоілі перадапошні — аранжавы код авіяцыйнай небяспекі, бо попел можа трапіць у рухавікі самалётаў.