Пашкоджаны газаправод і 40 падтапленняў — у МНС падвялі вынікі навальніцы

Наступствы навальніцы / фота з чата Калодзішчаў
У Мінску 29 ліпеня з 22-й да 23-й гадзіны былі падтопленыя 40 участкаў вуліц. Пра гэта паведамляе прэс-служба МНС, падводзячы вынікі магутнай навальніцы, якая абрынулася ўчора на сталіцу і наваколлі.
Як паведамлялася раней, на некаторых вуліцах утварыліся сапраўдныя рэкі. Была затопленая Зыбіцкая, а на Інтэрнацыянальнай усплылі прыпаркаваныя аўтамабілі. Таксама супрацоўнікі МНС адпампоўвалі ваду з падтопленых памяшканняў хола гатэля, прыватнага жылога дома, склепа дома і адбуксіравалі адзін аўтамабіль.
Пад Мінскам пашкоджаны дахі 17 жылых дамоў у аграгарадку Калодзішчы. Там жа сама была пашкоджаная лінія электраперадач, праз гэта без электрычнасці засталіся 600 жылых дамоў.
Было зафіксавана 1773 выпадкі падзення дрэваў. Яны пашкодзілі 10 аўтамабіляў — дзевяць у Калодзішчах і адзін у Вілейцы.
На вуліцы Ліпавая Алея ў Калодзішчах быў пашкоджаны надземны газаправод дыяметрам 57 мм, але не загарэўся. Без газазабеспячэння застаецца адзін прыватны жылы дом.
"Мінскэнерга" паведаміла аб адключэнні электраэнергіі ў Першамайскім раёне на 25 секунд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.