Пасля ўрагану дачнікі ў Калодзішчах пасварыліся з леснікамі

Сустрэча дачнікаў з дырэктарам Бараўлянскага лясгасу

Сустрэча дачнікаў з дырэктарам Бараўлянскага лясгасу / pristalica.by

У Калодзішчах пад Мінскам працягваюцца аднаўленчыя работы пасля нядаўнага ўрагану: супрацоўнікі лясніцтва займаюцца расчысткай у лесе. Але некаторыя дачнікі з садовага таварыства (СТ) "Трактар" асцерагаюцца, што леснікі пакінуць буралом і пашкодзяць ацалелыя дрэвы, піша газета "Прысталічча".

На сустрэчу з дачнікамі прыехалі дырэктар Бараўлянскага спецлясгаса Аляксандр Мірановіч і старшыня Калодзішчанскага сельвыканкама Ларыса Штраўс. Яны звярнулі ўвагу, што дачнікі ходзяць побач з небяспечнай зонай, пакуль у лесе працуюць вальшчыкі. Між тым паўсюль вісяць папераджальныя шыльды аб забароне ўваходу і ўезду.

Паводле Мірановіча, шматфункцыянальны комплекс-харвестар, які займаецца прыборкай лесу, праз такія паходы дачнікаў нарыхтоўвае штодня 60 кубаметраў лесу заміж належных 100. Мірановіч заклікаў "думаць пра сваю бяспеку, бо складана часам прадбачыць, у які бок упадзе дрэва".

Дырэктар спецлясгаса запэўніў, што прыбіраць будуць толькі сапраўды пашкоджаныя дрэвы. Таксама плануецца прыбраць дрэвы ў "адбойнай паласе" — тыя, што пацярпелі ад ураганнага ветру або удараў ствалоў, якія паваліліся паблізу. Цяпер яны яшчэ стаяць, але пры наступным моцным ветры могуць уяўляць пагрозу.

На тэрыторыі Калодзішчанскага сельсавета пашкоджана 100 гектараў лесу. Леснікі будуць расчышчаць яго яшчэ 2 месяцы.

Але дачнікі кажуць, быццам леснікі знішчаюць усе дрэвы: "Не чапайце жывыя дрэвы, а то нічога не застанецца! Як з акна наогул глядзець на гэты страх! Адзін суцэльны буралом пакінеце за сабой".

Пасля ўрагану ў лесе засталіся кучы галінак, і дачнікі прапанавалі іх прыбраць — дзеля парадку. Аднак дырэктар спецлясгаса патлумачыў, чаму гэтага нельга рабіць. За сем гадоў галінкі перагніюць, стаўшы натуральным угнаеннем для глебы і ствараючы пажыўнае асяроддзе для новага лесу. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.