МАЗ у жніўні прадаў у Расію ўдвая менш новых грузавікоў, чым год таму

Грузавікі МАЗ / minsk.deal.by
Сёлета ў жніўні Мінскі аўтамабільны завод прадаў у Расію 210 новых грузавікоў. Гэта ў 2,04 разу менш, чым за той жа месяц 2024-га (428). Такія лічбы прыводзяцца ў даследаванні расійскага "АСМ-холдынг", заўважыла выданне "Позірк".
У жніўні прадукцыя МАЗа заняла сёмае месца ў спісе самых прадаваных брэндаў гэтага сегмента аўтарынку Расіі. (На гэтым жа месцы яна была ў чэрвені і ліпені. У траўні МАЗ займаў на расійскім рынку чацвёртае месца па продажах.) Доля беларускага прадпрыемства на рынку склала 4,3% (у ліпені — 4,5%).
За восем месяцаў 2025 года МАЗ прадаў на расійскі рынак 2029 грузавікоў. Летась за такі ж перыяд было прададзена 3759 аўтамабіляў. Падзенне склала 46%.
Агулам за мінулы год беларускае прадпрыемства паставіла ў Расію 5719 грузавых аўтамабіляў (за 2023-і — 6.406; падзенне склала 10,7%).
Пра тое, што МАЗ, як і іншыя беларускія прадпрыемствы, не выканаў заданні па пастаўках у Расію 10 верасня гаварылі на пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы па ажыццяўленні маніторынгу сітуацыі з пастаўкамі ў РФ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.