Лукашэнка забараніў беларусам мець і выкарыстоўваць беспілотнікі
Дрон / pexels.com
Фізічным асобам у Беларусі забаронена ўвозіць, захоўваць, пускаць у абарачэнне, выкарыстоўваць і вырабляць беспілотнік. Адпаведны ўказ 25 верасня падпісаў Аляксандр Лукашэнка, перадае БЕЛТА.
Цяпер ўвозіць, захоўваць і выкарыстоўваць дроны ў Беларусі маюць права толькі арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Прычым яны павінныя папярэдне атрымаць дазвол у Дэпартаменце па авіяцыі Міністэрства транспарту. Усе беспілотнікі будуць стаяць на ўліку ў гэтым дэпартаменце.
Таксама ўказ прадугледжвае стварэнне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы дзяржаўнага ўліку грамадзянскіх БЛА, якія належаць юрыдычным асобам і (або) ІП.
Па ўвозе, эксплуатацыі і вырабе БЛА фізасобамі ўказ набудзе сілу пасля афіцыйнага апублікавання, а па захоўванні і абарачэнні — праз шэсць месяцаў.
Цягам паўгода пасля афіцыйнага апублікавання фізасобы павінныя прадаць свае беспілотнікі арганізацыям ці індывідуальным прадпрымальнікам. Таксама яны могуць перадаць апараты на захоўванне ва ўпаўнаважаную арганізацыю, вызначаную ўрадам.