Латвія таксама закрывае паветраную прастору над мяжой з Беларуссю

Самалёт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Латвія мінімум на тыдзень закрывае паветраную прастору над мяжой з Беларуссю і Расіяй. Палёты над усходняй мяжой будуць забароненыя з 18-й гадзіны 11 верасня. Пра такую заяву міністра абароны краіны Андрыса Спрудса паведамляе LSM.
Беспалётную зону на мяжы з Беларуссю і Расіяй уводзяць паводле рэкамендацыі Нацыянальных Узброеных сіл пасля ацэнкі рызык.
Перад гэтым беспалётную зону на ўсходняй мяжы ўвяла Польшча. Гэта адбылося пасля ўчарашняй расійскай дронавай атакі ў паветранай прасторы краіны.
Спрудс назваў гэтыя падзеі відавочным парушэннем паветранай прасторы NATO і заявіў, што Латвія павінна дзейнічаць адпаведным чынам. На яго думку, неабходна прыняць прэвентыўныя меры, хоць цяпер непасрэднай пагрозы Латвіі няма.
Паветраная прастора будзе закрытая да вышыні 6000 метраў у 50-кіламетровай зоне ад знешняй мяжы краіны.
Акрамя таго, у камісію па нацыянальнай бяспецы сейма Латвіі пададзены праект пра поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю і Расіяй на час вучэнняў "Захад-2025", паведамляе DELFI.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.